Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік папрасіў прабачэння ў вальдэнсаў
Святы Айцец
22.06.2015 17:09

«З боку Каталіцкага Касцёла я прашу вас аб прабачэнні за адносіны і паводзіны нехрысціянскія, і нават нялюдскія, якія мы мелі адносна вас у гісторыі. У імя Пана Езуса Хрыста, прабачце нам!» — сказаў Папа Францішак у Турыне 22 чэрвеня падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Царквы Вальдэнсаў, найстарэйшай рэфармацкай супольнасці ў свеце. Упершыню ў гісторыі Пантыфік пераступіў парог храма вальдэнсаў.

Святы Айцец адзначыў, што адным з асноўных пладоў экуменічнага руху ў апошнія гады з’яўляецца «адкрыццё братэрства, якое злучае ўсіх, хто верыць у Езуса Хрыста і былі ахрышчаны ў Яго імя». Гэтая камунія, якая яшчэ знаходзіцца на стадыі фарміравання, праз малітву, пастаяннае асабістае і супольнае навяртанне, а таксама працу тэолагаў, можа ператварыцца ў поўную і бачную камунію ў праўдзе і любові, звярнуў увагу Папа і дадаў, што адзінства не азначае аднастайнасці.

«Разважаючы пра гісторыю нашых адносін, мы можам толькі смуткаваць перад абліччам канфліктаў і насілля, учыненых у імя сваёй веры. І я прашу Пана даць нам ласку прызнаць сябе грэшнікамі і ўмець дараваць адзін аднаму», — сказаў Папа, просячы прабачэння за «нехрысціянскія» адносіны католікаў да вальдэнсаў.
 
Гэтая супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі рэформаў у Касцёле. У 1184 г. Папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. Вальдэнсаў пераследавалі, іх асуджала інквізіцыя. Сёння большасць з іх жыве ў альпійскіх далінах П’емонта, на тэрыторыі Ламбардыі і Венецыі. Царква Вальдэнсаў з’яўляецца другой па ліку пратэстанцкай супольнасцю ў Італіі з 30 тыс. вернікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.