Няхай Дух Святы вядзе да адзінства ўсіх хрысціян, а мы будзем рабіць тое, што належыць нам, сказаў Папа Францішак, звяртаючыся да членаў італьянскага харызматычнага руху “Абнаўленне ў Святым Духу”, з якімі сустрэўся 3 ліпеня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
На сустрэчу з Пантыфікам прыбыло больш за 30 тыс. членаў руху з усёй Італіі, а таксама многія кардыналы і біскупы з Рымскай Курыі і з-за мяжы. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, галоўным чынам пратэстанцкія харызматыкі.
Вітаючы Папу, кіраўнік італьянскіх харызматыкаў Сальваторэ Марцінэс сказаў, што, хоць усе прысутныя на плошчы вельмі моцна згарэлі ад сонца, аднак мацнейшым у іх “з'яўляецца агонь любові, які ў нашых сэрцах распальвае Святы Дух”.
Папа ў сваёй прамове заклікаў, каб пастаянна прыводзілі людзей да Хрыста, бо Ён з’яўляецца Панам. Шмат увагі Пантыфік прысвяціў еднасці хрысціян. Папа зазначыў, што экуменізм – гэта не справа адзінак: усе людзі павінны быць уцягнуты ў яго, не аглядаючыся на іншых, а Дух Святы зробіць усё астатняе. Святы Айцец прыгадаў пра экуменізм працы, малітвы, міласэрнасці і асабліва крыві, таму што сучасныя пакутнікі за веру – гэта хрысціяне. “Тыя, якія ненавідзяць Хрыста, забіваючы Яго паслядоўнікаў, не пытаюцца ў іх: ці ты лютэранін, ці праваслаўны, належыш да баптыстаў ці метадыстаў. Не! Важна тое, што ты хрысціянін! – і адсякаюць яму галаву”, - з жалем адзначыў Пантыфік.
На заканчэнне Папа заклікаў усіх да супрацоўніцтва як на тэалагічных кангрэсах, так і ў штодзённай працы на карысць бедных і бяздомных, а таксама папрасіў, каб ішлі ў свет і абвяшчалі Добрую Навіну пра Езуса. “Няхай Пан суправаджае вас у гэтай місіі, заўсёды з Бібліяй у руцэ або з кішэнным Евангеллем”, - дадаў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|