5 ліпеня пачалося дзявятае Апостальскае падарожжа Папы Францішка за межы Італіі. Пантыфік наведае тры лацінаамерыканскія краіны: Эквадор, Балівію і Парагвай.
У 9 гадзін па рымскім часе Папа ўзняўся на аэробусе з рымскага аэрапорта “Ф’юмічына” ў накірунку Эквадора. Падчас амаль 13-гадзіннага пералёту самалёт з Пантыфікам на борце павінен пераадолець больш за 13 тыс. км. У сваім нядаўнім відэапасланні да народаў гэтых краін Святы Айцец сказаў: “Я хачу быць сярод вас сведкам радасці Евангелля, прыносячы сардэчную пяшчоту і любоў Бога, нашага Айца, асабліва Яго найбольш патрабуючым дзецям, пажылым людзям, хворым, зняволеным, бедным, тым, хто з’яўляецца ахвярамі культуры адчужэння”.
Айцец Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, лічыць, што гэта будзе “важнае і ўнікальнае падарожжа”. Святар адзначыў, што Папа, згодна са сваімі ранейшымі звычкамі, плануючы наведаць свой родны кантынент, выбраў краіны, якія ў сусветных памерах “геапалітычна не знаходзяцца на першым месцы”. Італьянскі езуіт падкрэсліў, што найбольш прывілеяванай групаю ў час гэтага падарожжа будуць найбольш бедныя, якія маюць патрэбу ў Добрай Навіне. “Яе абвяшчэнне будзе пуцяводнай ніткай на працягу наступнага тыдня”, - сказаў прэсавы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Акрамя таго, святар адзначыў, што важнай падзеяй візіту будзе сустрэча Папы з удзельнікамі ІІ Сусветнай сустрэчы Народных Рухаў, якая адбудзецца ў балівійскім горадзе Санта-Крус. Першая такая сустрэча адбылася ў Ватыкане ў кастрычніку мінулага года.
Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін у інтэрв'ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру сказаў, што, каб лепш зразумець значэнне падарожжа Папы ў Лацінскую Амерыку, трэба памятаць, што для Пантыфіка гэта кантынент надзеі, на якім трэба чакаць новыя мадэлі развіцця, якія ўзнікнуць са спалучэння хрысціянскай традыцыі, грамадзянскага і тэхнічнага поступу. Іерарх звярнуў увагу, што некалькі дзесяцігоддзяў на гэтым кантыненце адбываюцца вельмі хуткія змены. У гэтым кантэксце мясцовы Касцёл рашыўся ў сваёй дзейнасці на душпастырскае навяртанне і місіянерскае абнаўленне, дзякуючы якім стаў прыкладам для іншых Касцёлаў у свеце. “З палітычнага пункту гледжання я б сказаў, што Лацінскую Амерыку можна разглядаць як сапраўдную лабараторыю, у якой праходзіць тэставанне новых мадэляў дэмакратыі, больш прадстаўнічай, якая дапускае да голасу тыя слаі грамадства, якія дагэтуль не браліся ў дастатковай меры пад увагу. Гэта пошук уласнага шляху да дэмакратыі, якая бярэ пад увагу спецыфіку гэтых краін і якая адкрыта для ўсіх; значыць, плюралізм, свабоду і павагу да правоў чалавека”, - лічыць кардынал П’етро Паралін.
За два гады свайго пантыфікату Папа Францішак здзейсніў Апостальскія падарожжы ў Бразілію, Святую Зямлю, Паўднёвую Карэю, Албанію, Турцыю, Шры-Ланку і на Філіпіны. 6 чэрвеня 2015 г. Пантыфік наведаў Сараева (Боснія і Герцагавіна).
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|