Апошнім пунктам другога дня Папы Францішка ў Эквадоры быў візіт у сталічную архікатэдру. У святыні Пантыфік маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, аддаў хвалу Маці Божай і прывітаў вернікаў.
Ужо на прыступках храма Папа адзначыў, што просіць Бога, каб у гэтым вялікім народзе не існавала адрозненняў, не было выключэння і адчужэння, каб усе былі братамі.
У падрыхтаванай загадзя, але не чытанай прамове Папа прызнаўся, што, адпраўляючыся ў падарожжа, ушанаваў абраз эквадорскай святой Марыі Анны ад Езуса (1618-1645), выява якой знаходзіцца ў апсідзе базылікі св. Пятра ў Ватыкане. Пантыфік падкрэсліў, што святыя заахвочваюць наследаваць іх, вучыцца ў іх школе, і ўзгадаў таксама іншую эквадорскую святую, Нарцызію ад Езуса (1832-1869), і благаслаўлёную Мэрседэс ад Езуса (1828-1883). “Тым, хто сёння тут прысутнічае і пакутуе, або пакутавалі, як сіроты, тым, хто быў яшчэ зусім малы і павінен быў клапаціцца аб братах і сёстрах, тым, хто кожны дзень даглядае за хворымі або пажылымі людзьмі, я кажу, што такім чынам яны наследуюць Нарцызію і Мэрседэс”, - гаворыцца ў падрыхтаваным тэксце.
Святы Айцец нагадаў пра той час, калі архікатэдра ў Кіта яшчэ будавалася і транспартныя, скульптурныя і каменныя працы выконваліся ў адпаведнасці са звычаямі мясцовых народаў. “Гэта была праца ўсіх для грамадства, праца ананімная, без рэкламных шчытоў і апладысментаў, - сказаў Папа. - Дай Бог, каб, як камяні гэтага сабора, таксама і мы бралі на свае плечы патрэбы іншых, дапамагаючы будаваць ці перабудоўваць жыццё шматлікіх братоў, якія не маюць сілы пабудаваць яго або дасведчылі яго крах”.
На заканчэнне Пантыфік падкрэсліў, што кожны з нас пакліканы садзейнічаць прыгажосці жыцця праз малітву, добрыя справы, дапамогу найбольш патрабуючым, і на гэтым палягае радасць евангелізацыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|