Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак цэлебраваў Імшу ў “Парку двухсотгоддзя” ў сталіцы Эквадора
Святы Айцец
08.07.2015 14:46

“Наша вера заўсёды рэвалюцыйная”, - сказаў Святы Айцец падчас Эўхарыстыі ў інтэнцыі евангелізацыі народаў у “Парку двухсотгоддзя” ў сталіцы Эквадора Кіта 7 ліпеня. Гэтая святая Імша стала першым пунктам трэцяга дня лацінаамерыканскага падарожжа Пантыфіка.

Перад Імшой Святы Айцец сустрэўся з мясцовым епіскапатам у Кангрэс-цэнтры. Там не была прадугледжана прамова Папы, сустрэча насіла характар братэрскай гутаркі.

Пад гукі песні „Papa Francisco, bienvenido” (Вітай, Папа Францішак) Святы Айцец здзейсніў 15-хвілінны аб’езд 34 сектараў, у якіх сабраліся, па некаторых дадзеных, 900 тыс. вернікаў, не толькі з Эквадора, але і з Калумбіі. Папа спыніўся ля пажылой жанчыны ў інваліднай калясцы, каб благаславіць яе. У Эўхарыстыі прыняў удзел Прэзідэнт Эквадора Рафаэль Карэа з жонкай і сынам. На алтары быў змешчаны цудатворны абраз Маці Божай Балеснай, які спецыяльна па просьбе Пантыфіка прывезлі з калегіума св. Габрыэля ў Кіта.

У гаміліі Папа часта вяртаўся да тэксту сваёй Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”. Спасылаючыся на месца правядзення святой Імшы, Пантыфік нагадаў, што яно звязана з “двухсотгоддзем крыку аб незалежнасці Іспанскай Амерыкі”, дадаўшы, што гэта быў крык, які нарадзіўся ад свядомасці прыгнёту і рабавання, залежнасці ад карысці тых, хто ажыццяўляе ўладу, адсутнасці свабоды. Папа выказаў надзею, што гэты крык аб незалежнасці гучыць у абліччы евангелізацыі, якая палягае не на гучных словах ці складаных метадах, але “на радасці Евангелля”.

Папа нагадаў, што мы жывём у свеце, параненым войнамі і гвалтам, і перасцярог ад павярхоўнага мыслення, што падзелы і нянавісць адносяцца толькі да напружанасці паміж краінамі і сацыяльнымі групамі. На самой справе, падкрэсліў Святы Айцец, гэта з’яўляецца праявай шырока распаўсюджанага індывідуалізму.

Папа адзначыў, што евангелізацыя можа і павінна быць інструментам адзінства памкненняў, адчувальнасці, чаканняў і нават нейкіх утопій; указаў на неабходнасць барацьбы за інтэграцыю на ўсіх узроўнях, пазбягаючы эгаізму, спрыяючы камунікацыі і дыялогу і павышаючы супрацоўніцтва. Святы Айцец перасцярог ад “мірской духоўнасці”, якая палягае на бясплодным імкненні да ўлады, прэстыжу, задавальнення або эканамічнай бяспекі, з’яўляецца перашкодай на шляху да адзінства, правакуе войны паміж людзьмі.

Пантыфік нагадаў, што евангелізацыя не мае нічога супольнага з празелітызмам, які з’яўляецца толькі яе “карыкатурай”: на самой справе яна палягае на “прыцягненні далёкіх сваім сведчаннем, пакорным падыходзе да тых, хто думае, што яны далёка ад Бога і Касцёла, да тых, хто баіцца або абыякавы”. Папа адзначыў, што місія Касцёла як “сакрамэнту збаўлення” спалучана з пакліканнем уключыць усе народы зямнога шара і з неабходнасцю місійнай дзейнасці ўнутры і звонку. Па словах Святога Айца, духоўнае жыццё евангелізатара палягае не на нейкім пабожным уздыме, а на асабістай сустрэчы з Езусам.

Пантыфік падкрэсліў, што адзінства, аб якім просіць Езус, - гэта не аднастайнасць, але “гармонія множнасці”, велізарнае багацце разнастайнасці. Менавіта множнасць, па словах Папы, ахоўвае ад спакусы прапаноў, блізкіх да дыктатуры, ідэалогіі або сектанцтва.

Пасля заканчэння Імшы Святы Айцец накіраваўся на абед у Апостальскую нунцыятуру, а затым сустрэўся з прадстаўнікамі школ і ВНУ ў Папскім каталіцкім універсітэце Эквадора.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.