“Нашы адукацыйныя цэнтры – гэта градкі, магчымасць, урадлівая глеба, пра якую трэба клапаціцца, стымуляваць і абараняць”, - адзначыў Папа Францішак, спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра сейбіта, на сустрэчы з прадстаўнікамі эквадорскіх школ і ВНУ ў Кіта 7 ліпеня. Сустрэча праходзіла ў Папскім каталіцкім універсітэце Эквадора, дзе сёння вучацца каля 30 тыс. чалавек.
Папа заклікаў да прыкладнога характару навуковай дзенайсці і запрасіў задаць сабе пытанне: як дапамагчы моладзі, каб яна лічыла ўніверсітэцкую ступень не “сінонімам вышэйшага статусу, грошай або сацыяльнага прэстыжу”, а “знакам большай адказнасці ва ўмовах праблем сённяшняга дня, клопату пра бедных і навакольнае асяроддзе”?
Пантыфік нагадаў, што мы запрошаны не толькі ўдзельнічаць у творчай справе Бога, але і абараняць і ахоўваць яе. “Сёння гэтае запрашэнне прадыктавана неабходнасцю па прычыне таго зла, якое мы прычыняем Зямлі праз безадказнае выкарыстанне і марнатраўную эксплуатацыю рэсурсаў, якія Бог размясціў у ёй”, - сказаў Святы Айцец, спасылаючыся на сваю новую энцыкліку.
Папа звярнуў увагу на сувязь паміж нашым жыццём і жыццём нашай Маці Зямлі, паміж нашым існаваннем і Божым дарам. “Гэта адносіны, якія прадугледжваюць магчымасць як адкрыцця і пераўтварэння жыцця, так і смерці і разбурэння”, - сказаў Пантыфік, дадаўшы, што мы не можам ісці далей, павярнуўшыся спіной да нашай рэальнасці, нашых братоў, нашай роднай зямлі; “не можам ігнараваць тое, што адбываецца вакол нас”.
Пантыфік нагадаў, што навучальныя ўстановы адыгрываюць галоўную ролю ў развіцці грамадства і культуры; адзначыў, што не дастаткова праводзіць аналіз і апісанне рэальнасці - трэба стварыць умовы і месцы рэальных даследаванняў і дыскусій для адшукання альтэрнатывы існуючым праблемам.
Ва ўмовах глабалізацыі тэхнакратычнай парадыгмы, якая імкнецца паверыць, што “павелічэнне магутнасці – гэта і ёсць “прагрэс”, Папа заклікаў да абмеркавання бягучай сітуацыі і разумення, “якога роду культуры мы хочам і да якой імкнёмся не толькі для нас, але і для нашых дзяцей і нашых унукаў”, заклікаў глядзець на рэальнасць цэласна, а не фрагментарна, задаваць сабе пытанні, якія закранаюць усіх, бо ўсё ўзаемазвязана.
“Няхай Святы Дух будзе нашым натхненнем, няхай суправаджае нас, бо гэта Ён склікаў нас, запрасіў нас, даў нам магчымасць, але і адказнасць, каб мы далі ад сябе самае лепшае”, - такімі словамі Папа завяршыў сваю прамову да прадстаўнікоў эквадорскіх школ і ВНУ.
Пасля малітвы “Ойча наш” Пантыфік удзяліў благаслаўленне і папрасіў памаліцца “Вітай, Марыя” за Паўсюдны Касцёл.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|