Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прыбыў у Балівію
Святы Айцец
09.07.2015 14:39

8 ліпеня самалёт балівійскіх авіяліній “Aviación Boliviana” з Папам Францішкам на борце пасля пералёту ў 2138 км прызямліўся ў Ла-Пас. Ля трапа Святога Айца вітаў Прэзідэнт Балівіі Эва Маралес.

Балівійскі гімн выканаў гурт, які граў на андскіх флейтах, ватыканскі гімн прагучаў у выкананні духавога аркестру. Пасля гэтага Папа разам з Эва Маралесам, акружаныя дзецьмі ў касцюмах карэнных жыхароў, прайшлі да высокай трыбуны, каб каля 500 тыс. вернікаў маглі асабіста вітаць Наступніка святога Пятра.

У прамове Святы Айцец спаслаўся на прэамбулу балівійскай Канстытуцыі і адзначыў, што гэта зямля благаслаўлёная ў разнастайнасці народаў, якія жывуць на ёй, што з’яўляецца пастаянным заклікам да ўзаемнай павагі і дыялогу. Пантыфік нагадаў, што ў Балівіі кастыльская мова суіснуе сёння з 36 першаснымі дыялектамі. “Я прыбыў у якасці госця і пілігрыма, каб умацаваць веру веруючых ва ўваскрослага Хрыста, каб мы ўсе, хто верыць у Яго, будучы пілігрымамі ў гэтым жыцці, заставаліся сведкамі Яго любові, зачынам лепшага свету, і каб мы супрацоўнічалі ў стварэнні грамадства больш справядлівага і салідарнага”, - запэўніў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Балівія прадпрымае важныя крокі па інтэграцыі шырокіх слаёў у эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае жыццё ў краіне, але тут “сацыяльная згуртаванасць патрабуе, у дадатак да інстытуцыйнай празрыстасці, намаганняў па адукацыі грамадзян”.

Па словах Папы, Касцёл заснаваны на прыярытэтным і евангельскім імкненні для дапамогі бедным. “Братэрская любоў, якая з’яўляецца выразам новай запаведзі Езуса, выяўляецца ў праграмах, ініцыятывах і ўстановах, якія імкнуцца да інтэгральнай падтрымкі асобы, а таксама клопату і абароны слабых”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што сёння, калі так часта забываюцца або блытаюць фундаментальныя каштоўнасці, асаблівай увагі з боку тых, хто нясе адказнасць за агульнае дабро, заслугоўвае сям’я.

Пантыфік выказаў надзею, што дні яго прабывання ў Балівіі стануць магчымасцю для сустрэч, дыялогу і святкавання веры.

Цырымонія прывітання завяршылася папскім благаслаўленнем.

Па дарозе з аэрапорта „El Alto” Святы Айцец затрымаўся на некалькі хвілін ля месца, дзе ў 1980 г. знайшлі цела іспанскага езуіта айца Луіса Эспінала.

У палацы Прэзідэнта Балівіі Эва Маралес прадставіў Пантыфіку сваіх супрацоўнікаў, пасля чаго яны абодва накіравался на прыватную сустрэчу і абмяняліся падарункамі. Прэзідэнт перадаў Святому Айцу крыж забітага ў 1980 г. айца езуіта Луіса Эспінала. Папа падарыў мазаічную копію абраза Маці Божай “Salus Populi Romani”, перад якім моліцца ў Рыме перад кожнай замежнай паездкай. Затым Пантыфік скіраваўся ў катэдру на сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.