8 ліпеня Папа выступіў у катэдры ў Ла-Пас перад прадстаўнікамі палітычных і грамадзянскіх уладаў Балівіі, членамі дыпламатычнага корпуса і людзьмі свету культуры і валанцёрства. Пантыфік выказаў надзею, што гэтая краіна можа стварыць новы культурны сінтэз на падставе інтэграцыі і адзінства, што палягае на гармоніі разнастайнасці.
“Кожны па-свойму, мы ўсе тут удзельнічаем у пакліканні да працы для агульнага дабра”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў рабіць гэта праз пошук прыгажосці, ісціны і дабра.
Пантыфік нагадаў, што навакольнае і сацыяльнае, палітычнае і эканамічнае асяроддзі цесна звязаныя паміж сабой, і запрасіў да рэалізацыі інтэгральнай экалогіі, якая бярэ пад увагу ўсе аспекты чалавека ў вырашэнні сур’ёзных сацыяльных і экалагічных праблем нашага часу. “Таму што ўсё звязана, мы патрэбныя адзін аднаму”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу на неабходнасць развіцця культуры, якая ўключае ў сябе развіццё не толькі інтэлектуальнага патэнцыялу чалавека, але і мясцовых народных традыцый. Акрамя таго, Пантыфік падкрэсліў важнасць этычнага і маральнага выхавання, якое паклікана ахоўваць паміж людзьмі адносіны салідарнасці і адказнасці, і паказаў на асаблівую ролю рэлігіі ў развіцці культуры і на карысць, якую яна можа прынесці грамадству.
Па словах Папы, небяспечна прызвычайвацца да асяроддзя няроўнасці, бо росквіт, які мае на ўвазе толькі матэрыяльнае ўзбагачэнне, заканчваецца эгаізмам і абаронай выключна асабістых інтарэсаў, не думаючы пра іншых; росквіт, які разумеецца такім чынам, вядзе да канфліктаў і сацыяльнай дэзінтэграцыі, нараджае зло карупцыі.
Папа звярнуў увагу на неабходнасць павагі да прынцыпаў свабоды, якая заўсёды застаецца найлепшым асяроддзем для таго, каб мысляры, грамадзянскія аб’яднанні, сродкі масавай камунікацый выконвалі сваю функцыю з запалам і крэатыўнасцю ў служэнні супольнаму дабру. “Таксама хрысціяне, пакліканыя быць зачынам у народзе, нясуць у грамадства сваё пасланне”, - падкрэсліў Святы Айцец і нагадаў, што хрысціянства адыгрывае важную ролю ў фармаванні тоеснасці балівійскага народа. Свабода рэлігіі, дадаў Папа, гэта тое, што нагадвае, што вера не можа быць зведзена да абшару чыста суб’ектыўнага. “Нашай задачай будзе стымуляванне і падтрымка, каб нараджалася духоўнасць і хрысціянская актыўнасць у грамадскіх ініцыятывах”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў да абароны сям’і ад пагроз гвалту, алкагалізму, мачызму, наркаманіі, беспрацоўя, адсутнасці грамадскай бяспекі, адмовы ад старых, бездаглядных дзяцей, ідэалагічнай каланізацыі, указаў на праблему іміграцыі і неабходнасці ўзвядзення мастоў замест сцен.
Папа нагадаў, што Балівія перажывае гістарычны момант, калі палітыка, свет культуры, рэлігіі з’яўляюцца часткай цудоўнага выкліку адзінства.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|