Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Імшы ў Санта-Крус: памяць, прынятая, благаслаўлёная і перададзеная, здольная насыціць голад народа
Святы Айцец
09.07.2015 19:59

“Кожны народ мае памяць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне”, - гэтыя словы сталі лейтматывам гаміліі Папы Францішка 9 ліпеня падчас святой Імшы ў балівійскім Санта-Крус, прымеркаванай да распачацця Нацыянальнага Эўхарыстычнага Кангрэсу.

Пантыфік нагадаў пра евангельскія часы і тыя натоўпы людзей, якія ішлі за Езусам, і адзначыў, што сённяшнія балівійцы, як і яны, прыносяць да Хрыста цяжар горкіх расчараванняў і смутку, досведу несправядлівасі, радасці і болю сваёй зямлі. Кожны чалавек, па словах Папы, з’яўляецца носьбітам памяці свайго народа.

Гэтыя праблемы, дадаў Святы Айцец, могуць прывесці да расчаравання і страты надзеі, калі сэрца лёгка паддаецца ментальнасці, усё больш распаўсюджанай у свеце, паводле якой “усё мае свой кошт, усё можна купіць, усё з’яўляецца прадметам дамовы”. Вынікам такога спосабу мыслення, адзначыў Пантыфік, з’яўляецца “выдаленне” нямногімі абранымі тых, хто, на іх думку, “непрадуктыўны”, непрыдатны або няварты. Але Езус, адзначыў Папа, звяртаецца да нас і кажа: “Яны не павінны сыходзіць, вы дайце ім есці”. І гэтыя словы Хрыста, звярнуў увагу Святы Айцец, гучаць сёння асабліва рэзанансна: ніхто не павінен сысці, ніхто не павінен быць адкінуты; Хрыстовы спосаб бачання рэчаў не пакідае месца для менталітэту адчужэння слабых і патрабуючых.

Па словах Пантыфіка, тое, што робіць Езус, памнажаючы хлеб, можна рэзюмаваць у трох словах: Ён бярэ крыху хлеба і некалькі рыб, благаслаўляе іх, а затым перадае ўсё сваім вучням, каб яны падзяліліся з натоўпам. З дапамогай гэтых трох жэстаў Езус здольны змяніць “логіку адчужэння” на “логіку камуніі і супольнасці”. Хрыстус, як дадаў Папа, вельмі сур’ёзна “бярэ” жыццё сваіх верных, бо “багацце грамадства” вымяраецца менавіта жыццямі людзей; благаслаўленне Езуса – гэта знак, што Ён ставіцца да рэчаў не як да “аб’ектаў”, а як да часткі жыцця, плёну міласэрнай любові Бога, шануе іх, бо благаслаўленне – гэта падзяка. Благаслаўленне, адзначыў Пантыфік, гэта таксама заўсёды місія, якая палягае на абмене і перадачы іншым таго, што мы атрымалі ад Бога. Памяць, прынятая, благаслаўлёная і перададзеная, здольная заўсёды насыціць голад народа, падкрэсліў Папа.

Касцёл – гэта супольнасць памяці, адзначыў Пантыфік і прыгадаў словы Хрыста: “Гэта чыніце на Маю памяць” (Лк 22, 19). Пакаленне за пакаленнем, ва ўсім свеце, Касцёл цэлебруе таямніцу Хлеба Жыцця, сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў сабраных на Імшы на плошчы Хрыста Збаўцы весці жыццё, якое з’яўляецца памяццю пра патрабуючых, пра адносіны з іншымі, пра сустрэчу і сапраўдную салідарнасць – жыць “логікай прыняцця і любові”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.