Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Балівіі да прадстаўнікоў народных рухаў: “Людзі і прырода не павінны служыць грошам”
Святы Айцец
10.07.2015 16:40

9 ліпеня ў межах візіту ў Балівію Святы Айцец прыбыў у выставачны цэнтр “Expo Feria” ў Санта-Крус, месца правядзення Другой сусветнай сустрэчы народных рухаў. У арганізацыі сустрэчы ўдзельнічалі Папская рада „Iustitia et Pax” і Папская акадэмія сацыяльных навук. Першая такога роду сустрэча прайшла ў кастрычніку 2014 г. у Рыме.

Пантыфік запэўніў, што, як і народныя рухі, выказваецца на карысць зямлі, дома і працы для ўсіх. “Я казаў гэта і паўтараю яшчэ раз: гэта святыя правы. Варта, варта за іх змагацца”, - сказаў Папа і дадаў, што свет павінен змяніцца, а існуючыя праблемы датычаць усяго чалавецтва, бо сёння ні адна краіна не можа вырашыць іх самастойна. Святы Айцец падкрэсліў, што гаворка ідзе пра змены, якія паўплываюць на ўвесь свет, таму што сённяшняя глабальная ўзаемазалежнасць патрабуе глабальных адказаў на мясцовыя праблемы, і адзначыў, што зараз нават навуковая супольнасць прызнае тое, аб чым даўно кажуць бедныя – экасістэме наносіцца шкода, магчыма, ужо беззваротная.

“Калі капітал становіцца ідалам і кіруе чалавечымі рашэннямі, калі смага грошай кантралюе ўсю сацыяльна-эканамічную сістэму, гэта разбурае грамадства, асуджае чалавека, робіць яго рабом, разбурае братэрства паміж людзьмі, кідае народ супраць народа і, як бачна, таксама пагражае нашаму агульнаму дому”, - сказаў Пантыфік, адначасова нават у такой складанай сітуацыі заклікаўшы бедных і звычайных людзей не быць песімістамі. Папа лічыць, што яны могуць зрабіць шмат, больш за тое, на яго думку, “будучыня чалавецтва ў значнай ступені знаходзіцца ў іх руках, у іх здольнасці арганізаваць і падтрымліваць творчыя альтэрнатывы ў іх паўсядзённым пошуку трох “Т” – Тrabajo, Тecho, Тierra (праца, жыллё, зямля)”.

Святы Айцец папярэдзіў, што не варта чакаць ад яго канкрэтнага рэцэпту, бо “ні Папа, ні Касцёл не валодаюць манаполіяй на інтэрпрэтацыю сацыяльнай рэальнасці і на прапановы для вырашэння сучасных праблем”. “Смею сказаць, што няма рэцэпту”, - прызнаўся Папа і патлумачыў, што “гісторыю пішуць пакаленні, якія прыходзяць адно за адным сярод народаў, якія ідуць у пошуках свайго ўласнага шляху, паважаючы каштоўнасці, што Бог уклаў у сэрца”.

Пантыфік прапанаваў тры асноўныя задачы, для выканання якіх неабходна моцная падтрымка ўсіх народных рухаў. Першая з іх – паставіць эканоміку на службу народаў. “Людзі і прырода не павінны служыць грошам”, - сказаў Папа і адзначыў, што эканоміка павінна быць не механізмам збору, але адпаведным кіраваннем агульнага дома. “Гаворка ідзе пра эканоміку, у якой чалавек у гармоніі з прыродай арганізуе ўсю вытворчасць і сістэму размеркавання, такім чынам, каб магчымасці і патрэбы кожнага знайшлі правільнае месца ў сацыяльным вымярэнні”, -  патлумачыў Святы Айцец і дадаў, што такая эканоміка - гэта не ўтопія або фантазія, і ў яе стварэнні народныя рухі могуць адыграць важную ролю – не толькі патрабуючы і пратэстуючы, але, перш за ўсё, ствараючы.

Другой задачай, якая патрабуе падтрымкі народных рухаў, па словах Папы, з’яўляецца паяднанне народаў на шляху міру і справядлівасці. Ніякая фактычная ці ўстаноўленая ўлада не мае права пазбаўляць бедныя краіны поўнага ажыццяўлення свайго суверэнітэту, а калі гэта так, то мы маем справу з новымі формамі каланіялізму, падкрэсліў Пантыфік і ўдакладніў, што новы каланіялізм – гэта ідал улады грошай: карпарацыі, крэдыторы, некаторыя пагадненні аб нібыта “свабодным гандлі”, якія ўсё больш і больш “зацягваюць паясы” работнікам і бедным, і, акрамя таго, манапалістычная канцэнтрацыя СМІ з мэтай навязаць акрэсленыя мадэлі спажывання і культуру аднастайнасці.

Папа нагадаў, што ў імя Бога былі дапушчаны сур’ёзныя грахі, учыненыя супраць карэнных народаў Амерыкі. “Я прашу прабачэння, не толькі за правіны самога Касцёла, але таксама за злачынствы супраць карэнных народаў падчас так званага заваявання Амерыкі”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл, яго сыны і дочкі з’яўляюцца часткай самабытнасці народаў Лацінскай Амерыкі.

Трэцяй задачай Папа назваў абарону Маці-Зямлі. “Наш агульны дом абкрадаецца, спустошваецца, беспакарана прыніжаецца. Баязлівасць у яго абароне з’яўляецца цяжкім грахом”, - сказаў Пантыфік. “Я прашу вас у імя Бога, каб вы абаранялі Маці-Зямлю”, - звярнуўся Папа да прадстаўнікоў народных рухаў.

У канцы Святы Айцец падкрэсліў, што чалавецтва знаходзіцца не толькі ў руках вялікіх лідараў, буйных дзяржаў і эліт, але, перш за ўсё, у руках людзей, у іх здольнасці да самаарганізацыі, у руках, якія ўзбачаюць гэты працэс перамен пакорай.

На заканчэнне сустрэчы Папу Францішку ўручылі рабочую каску.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.