Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся ў Балівіі з маладымі зняволенымі
Святы Айцец
10.07.2015 17:55

“Я не мог пакінуць Балівію, не пабачыўшы вас”, - прызнаўся Пантыфік падчас сустрэчы з юнымі падапечнымі Цэнтра перавыхавання ў балівійскім Санта-Крус 10 ліпеня.

Святы Айцец спаслаўся на вопыт свайго ўласнага жыцця і сказаў: “Чалавек, які стаіць перад вамі, – гэта той, хто перажыў прабачэнне. Чалавек, які быў і ёсць збаўлены са сваіх многіх грахоў”. “У мяне няма шмат чаго вам прапанаваць, але я хачу падзяліцца з вамі тым, што ў мяне ёсць, і тым, што я люблю – гэта Езус Хрыстус, міласэрнасць Айца”, - дадаў Пантыфік.

“Езус прыйшоў, каб паказаць любоў, якую Бог мае для нас. Для вас і для мяне. Гэта любоў, якая з’яўляецца магутнай і рэальнай. Гэта любоў, якая сур’ёзна ставіцца да долі тых, каго Ён любіць. Гэта любоў, якая ацаляе, даруе, падымае і клапоціцца. Гэта любоў, якая набліжаецца і аднаўляе годнасць, якую мы можам страціць розным чынам. Але Езус настойлівы ў гэтым: Ён аддаў сваё жыццё, каб аднавіць годнасць, страчаную намі”, - сказаў Папа.

Тым, што можа падтрымаць гэтыя намаганні Хрыста, з’яўляецца наша малітва, як індывідуальная, так і супольная, адзначыў Святы Айцец. Менавіта яна, па словах Пантыфіка, здольная падтрымаць жыццё і надзею, дапамагае выдаліць адчай і рухацца наперад. “Калі Езус становіцца часткай нашага жыцця, мы больш не можам заставацца ў палоне мінулага”, мы пачынаем бачыць сябе і сваё жыццё ў іншым святле, сказаў Папа, заклікаўшы маладых зняволеных, калі да іх прыходзіць час выпрабаванняў смуткам, дэпрэсіяй, негатыўнымі пачуццямі, паглядзець на ўкрыжаванага Хрыста, на Яго твар.

Пантыфік пажадаў маладым людзям, каб у перавыхаваўчым цэнтры яны не паддаваліся ўнутранай і знешняй канфрантацыі, эгаізму, але выкарысталі патэнцыял сапраўднага братэрства, дапамогі адзін аднаму.

Святы Айцец падзякаваў адміністрацыі і супрацоўнікам Цэнтра за іх важную працу для працэсу рэінтэграцыі. Гэта вялікая адказнасць - падняць, а не здушыць, аднавіць, а не прынізіць годнасць, адзначыў Пантыфік.

На заканчэнне адбылася супольная малітва Папы з супрацоўнікамі і падапечнымі Цэнтра.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.