“Парагвай вядомы з таго, што з’яўляецца сэрцам Амерыкі, і гэта не толькі з-за свайго геаграфічнага размяшчэння, але таксама з-за цеплыні гасціннасці і ветлівасці яе жыхароў”, - сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў краіны і дыпламатычнага корпуса 11 ліпеня ў садзе палаца Лапезаў у Асунсьён.
Нагадваючы, што на працягу ўсёй сваёй гісторыі краіна перажыла вялікія пакуты вайны, братазабойчых змаганняў, недахопу свабоды і зневажання правоў чалавека, Папа заклікаў: “Ніколі больш братазабойчых войнаў! Заўсёды будуйма мір!”
Пантыфік аддаў належную пашану тысячам простых жыхароў Парагвая, чые імёны “не знаходзяцца ў падручніках гісторыі”, але якія “былі і застануцца сапраўднымі героямі свайго народа”. З вялікімі ”эмоцыямі і захапленнем” Святы Айцец падкрэсліў вызваленчую ролю парагвайскіх жанчын у гэтых драматычных перыядах гісторыі. Папа адзначыў, што нацыя, якая забывае сваё мінулае, сваю гісторыю і свае карані, не мае будучыні. “Памяць, якая трывала ўкараніліся ў справядлівасць, далёкая ад пачуццяў помсты і нянавісці, ператварае мінулае ў крыніцу натхнення для пабудовы гарманічнай будучыні, робячы нас людзьмі, свядомымі трагедыі і бессэнсоўнасці вайны”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец таксама адзначыў важнасць мірнага штодзённага сужыцця, заклікаючы парагвайцаў “пазбягаць арагантных жэстаў і словаў, якія раняць; дзеянняў з пачуццём сваёй перавагі, а садзейнічаць ўзаемаразуменню, дыялогу і супрацоўніцтву”. Пантыфік пахваліў дэмакратычныя пераўтварэнні, якія на працягу многіх гадоў праходзяць у Парагваі, і заклікаў да далейшага ўмацоўвання дэмакратычных структур і ўстаноў. Папа пажадаў надалей умацоўваць у грамадскай дзейнасці дыялог у якасці “прывілеяванага сродку, які спрыяе агульнаму дабру, на аснове культурных сустрэч, павагі і прызнання адрозненняў і поглядаў іншых асобаў”, заклікаў не спыняцца на тым, што канфліктнае, і перамяняць “погляды, якія вынікаюць з перакананняў адной партыйнай ці ідэалагічнай опцыі”, праз любоў да радзімы і нацыі. “Тая ж самая любоў павінна станавіцца стымулам да павелічэння з кожным днём празрыстасці кіравання і ўздымання з вялікім запалам барацьбы супраць карупцыі”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу на тое, што з гатоўнасці служыць і працаваць для агульнага дабра трэба паставіць бедных і патрабуючых у цэнтры ўвагі. “Няхай не спыняюцца намаганні ўсіх суб’ектаў грамадства, каб не было ўжо дзяцей, не маючых доступу да адукацыі, бяздомных сем’яў, работнікаў без годнай працы, сялян без зямлі і многіх людзей, вымушаных эміграваць у няпэўную будучыню; каб не было ўжо ніколі ахвяр гвалту, карупцыі і незаконнага гандлю наркотыкамі”, - заклікаў Пантыфік і нагадаў, што эканамічнае развіццё, якое не лічыцца са слабымі і тымі, каму не пашчасціла ў жыцці, не з’яўляецца сапраўдным развіццём.
Ад імя біскупаў Парагвая Папа запэўніў у прыхільнасці і супрацоўніцтве Каталіцкага Касцёла ў сумесных намаганнях па стварэнні справядлівага і адкрытага грамадства, у якім можна жыць у супакоі і гармоніі. Просячы благаслаўлення для жыхароў краіны, Папа заклікаў: “Няхай Парагвай будзе плённым, як паказвае кветка passiflory (мучаніцы) на мантыі Марыі, і як гэтая стужка ў колерах Парагвая, якая акружае Яе абраз, так няхай ён ахопіць Маці з Каакупэ”, якая з’яўляецца апякункай краіны.
Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і дыпламатычнага корпуса Папа вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру, дзе правёў першую ноч у Парагваі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|