Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Няхай Бог благаславіць парагвайскіх жанчын, самых слаўных у Амерыцы”
Святы Айцец
11.07.2015 19:04

11 ліпеня пасля наведвання педыятрычнай бальніцы ў Асунсьён Папа Францішак прыбыў у марыйны санктуарый у Каакупэ, дзе цэлебраваў святую Імшу. У гаміліі Пантыфік аддаў пашану Маці Божай і жанчынам Парагвая.

Папа адзначыў, што жыхары Парагвая прыбываюць у гэты санктуарый, каб прадставіць Марыі свае патрэбы, падзякаваць за атрыманыя ласкі, папрасіць прабачэння і затым пачаць жыццё нанова. “Жыццё Марыі сведчыць пра тое, што Бог не расчароўвае, не пакідае свайго народа, нават у момантах або сітуацыях, у якіх здаецца, што Ён не існуе”, - сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, Марыя была і застанецца ў нашых бальніцах, школах, дамах, “была і застанецца з намі на працоўных месцах і на дарозе, у кожным доме”, “была і застанецца ў фарміраванні  краіны, робячы з нас нацыю”.  

Святы Айцец выказаў вялікую павагу парагвайскім жанчынам, якія з мужнасцю і самаахвярнасцю былі ў стане падняць з разбурэння краіну, якая абрынулася і была пагружана ў вайну. “Калі ўсё, здавалася, абрынецца, вы разам з Марыяй казалі: мы не баімся, Пан з намі, з нашым народам, з нашымі сем’ямі, мы робім тое, што Ён кажа нам”, - сказаў Папа і дадаў, што Бог дае ім знаходзіць у сабе сілы, каб гэтая зямля не ўпала ў хаос.

“Няхай Бог благаславіць гэтую ўпартасць, няхай Бог благаславіць і суцешыць вашу веру; няхай Бог благаславіць парагвайскіх жанчын, самых слаўных у Амерыцы”, - сказаў на заканчэнне Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.