Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Парагваі: “На першым месцы ў эканоміцы, прадпрымальніцтве і палітыцы стаіць чалавек і асяроддзе, у якім жыве”
Святы Айцец
12.07.2015 16:27

“На першым месцы ў эканоміцы, прадпрымальніцтве і палітыцы стаіць чалавек і асяроддзе, у якім жыве”, - сказаў Папа Францішак у парагвайскім Асунсьён падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краіны на стадыёне калегіyма св. Юзафа 11 ліпеня.

Пантыфік перасцярог ад ідалапаклончай эканамічнай мадэлі, якая патрэбуе прынясення ў ахвяру чалавечых жыццяў на алтары грошай і прыбытку. Шэсць прадстаўнікоў некалькіх грамадскіх супольнасцяў задалі Святому Айцу пытанні, якія датычылі сацыяльнай, эканамічнай, культурнай і касцёльнай тэматыкі.

У пачатку сваёй шырока дапоўненай спантаннымі ўстаўкамі прамовы Пантыфік адзначыў важнасць існавання ў Парагваі грамадзянскіх арганізацый. Святы Айцец падкрэсліў, што народ, які “не выказвае свайго клопату”, які “жыве ў пасіўным прыняцці рэальнасці, з’яўляецца мёртвым”.

Адказваючы на пытанне маладога чалавека аб тым, што трэба рабіць, каб грамадства было асяроддзем братэрства, справядлівасці, міру і годнасці для ўсіх, Папа адзначыў розніцу, якая існуе паміж задавальненнем і шчасцем, хоць сёння многія хочуць прадставіць іх як сінонімы. Таму, па словах Пантыфіка, маладыя парагвайцы павінны супрацьстаяць менталітэту, які лічыць бескарысным і бессэнсоўным імкненне да рэчаў, якія маюць каштоўнасць. Папа ўказаў на важнасць сведчання бабуль і дзядуляў, таму што яны з’яўляюцца захавальнікамі духоўнай спадчыны веры і каштоўнасцяў, якія вызначаюць народ.

Адказваючы на пытанне пра шырокі дыялог як сродак фарміравання праекту нацыі, Папа адзначыў, што дыялог патрабуе “культуры сустрэчы”, прадугледжвае нават канфлікты, і гэта лагічна і чакана. Але не трэба гэтага баяцца, а проста прыняць канфлікт, вырашыць яго і ператварыць у “звяно новага працэсу”, растлумачыў Святы Айцец.

Адказваючы на пытанне аб тым, як прыняць з евангельскай радасцю крык бедных, каб пабудаваць больш інклюзіўнае грамадства, Пантыфік падкрэсліў, што аснова для падтрымкі бедных у тым, як мы іх успрымаем. Папа адзначыў неабходнасць гатоўнасці вучыцца ад бедных, калі гаворка ідзе пра чалавечнасць, дабрыню і велікадушнасць, адначасова заўважыўшы, што краіна мае патрэбу ў эканамічным росце і ў тым, каб ім карысталіся ўсе грамадзяне, у тым ліку праз рэалізацыю ўсеагульнага права на працу.

На заканчэнне сустрэчы, звяртаючыся да прадстаўнікоў парагвайскіх асацыяцый, Папа сказаў: “Любіце сваю Радзіму, сваіх суграмадзян і, перш за ўсё, любіце бедных. Такім чынам вы станеце сведкамі перад светам, што іншы ўзор развіцця магчымы. Я перакананы, што ў вас ёсць самая вялікая з існуючых сіл – ваша чалавечнасць, вера і любоў”.

Святы Айцец часта адыходзіў ад падрыхтаванага тэксту і спантанна дзяліўся сваімі думкамі, якія развівалі ўзгаданую раней праблематыку. Ён пашырыў, у прыватнасці, пытанне аб карупцыі, якую назваў “гангрэнай народа”, і заклікаў да барацьбы з ёй і з шантажом, што з’яўляецца адной з форм карупцыі. Перад тым, як удзяліць благаслаўленне, Пантыфік папярэдзіў сваіх слухачоў, асабліва маладых, каб яны не думалі, што яго словы адрасаваны не ім, а некаму іншаму.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.