Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Імшы ў Парагваі: “Як шмат добрага мы можам зрабіць, спрабуючы гаварыць на мове гасціннасці і ветлівасці!”
Святы Айцец
12.07.2015 21:27

Тэме хрысціянскай гасціннасці прысвяціў гамілію Святы Айцец падчас Эўхарыстыі 12 ліпеня ў парку Нью-Гуасу ля Асунсьён. На ёй сабраліся да 3 млн. вернікаў, сярод якіх 300 тыс. – пілігрымы з роднай для Папы Аргенціны.

Асобны сектар ля алтара быў зарэзерваваны для прадстаўнікоў карэнных народаў Парагвая. Вялікі папскі алтар быў падрыхтаваны мастакамі сумесна з жыхарамі навакольных вёсак і пабудаваны з 32 тыс. пачаткаў кукурузы, гарбузоў і 100 тыс. какосавых арэхаў, на якіх былі напісаны імёны вернікаў, адпраўленыя імі на спецыяльны акаунт у “Facebook”.

Цэнтральнае слова хрысціянскай духоўнасці - “гасціннасць”, адзначыў Святы Айцец, спасылаючыся на Евангелле гэтай нядзелі (Мк 6, 7–13). Езус, звярнуў увагу Папа, пасылае сваіх вучняў, даючы ім выразныя і дакладныя інструкцыі; запрашае іх узяць на сябе ўвесь спектр адносін і спосабаў дзеяння, якія некаторым могуць здацца перабольшанымі або нават абсурднымі. Было б лягчэй, дадаў Пантыфік, інтэрпрэтаваць гэтыя адносіны сімвалічна ці “духоўна”, але гэта не так: указанні Хрыста цалкам дакладныя і вельмі ясныя.

Папа звярнуў увагу, што Езус кажа: “Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там”. Ён, як добры Настаўнік, пасылае іх “жыць гасціннасцю”. Хрыстус не адпраўляе іх, як людзей ўплыву, памешчыкаў, чыноўнікаў, але як звычайных падарожнікаў, якія павінны “вучыцца жыць па-іншаму, па іншых правілах”, дадаў Папа і патлумачыў, што гаворка ідзе “аб пераходзе ад логікі эгаізму, канфлікту, падзелу і перавагі да логікі жыцця, бескарыслівасці і любові”.

У евангелізацыі, адзначыў Пантыфік, не шмат дапамогуць планы і праграмы, стратэгіі і тактыкі, манеўры і метады: чалавека можа пераканаць толькі тое, як мы яго прымаем, і Касцёл ведае, што такое гасціннасць, як вітаць і прыняць чалавека. “Як шмат добрага мы можам зрабіць, калі толькі спрабуем гаварыць на мове гасціннасці і ветлівасці! Колькі болю, колькі адчаю можа быць залечана ў месцы, дзе чалавек адчуе сябе прынятым!” - заўважыў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на від зла, якое часта ляжыць у аснове нашых грахоў, “знаходзіць месца ў нашых сэрцах” і павольна “раз’ядае наша жыццё”, – ізаляцыя. Яна, па словах Папы, “можа мець шмат каранёў, шмат прычын”, “прымушае нас павярнуцца спіной да іншых, Бога, супольнасці”, “замкнуцца на сабе”. “Менавіта таму сапраўдная праца Касцёла, нашай Маці, - не кіраваць работамі і праектамі, але вучыць жыць у братэрстве з іншымі”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што менавіта гэта “новы спосаб мыслення”, якому вучыць нас Езус.

Мы нікога не можам прымусіць да гасціннасці адносна нас, але ніхто не можа прымусіць нас не быць гасціннымі, не прызнаваць і не прымаць жыцця братоў і сясцёр, асабліва тых, хто страціў надзею і цікавасць да жыцця, падкрэсліў Пантыфік на заканчэнне гаміліі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.