Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да парагвайскай моладзі: гуляць у камандзе Хрыста
Святы Айцец
13.07.2015 14:26

“Сяброўства з’яўляецца адным з найвялікшых дароў, што чалавек, малады чалавек, можа мець і можа прапанаваць. Гэта праўда! Як цяжка жыць без сяброў!” - заўважыў Папа Францішак у сваёй непрачытанай, але ўручанай маладым парагвайцам прамове. Пантыфік сустрэўся з моладдзю 12 ліпеня на бульвары Костанэра ля ракі Парагвай у Асунсьён.

Пантыфік спаслаўся на словы Хрыста: “Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам” (Ян 15, 15). “Адна з самых вялікіх таямніц хрысціянства ляжыць у сяброўстве з Езусам. (...) Сябры разумеюць, суправаджаюць і абараняюць адзін аднаго. Так паступае Пан у адносінах да нас, робіць нас усёдаравальнымі”, - дадаў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлы, які кажа пра дзве каманды – Хрыста і д’ябла. Гэты апошні, для здабывання сабе гульцоў, абяцае тым, хто з ім згуляе, багацце, гонар, пахвалу, уладу, славу; усе будуць іх абагаўляць. З іншага боку, заўважыў Папа, святы Ігнацый паказвае ход гульні Езуса не як нешта фантастычнае: Езус не ставіць перад намі жыцця зорак, знакамітасцяў, але, наадварот, кажа, што гульня з Ім – гэта запрашэнне да пакоры, любові, служэння іншым; Езус не падманвае, але ставіцца да нас сур’ёзна. “Сябры, д’ябал – гэта “гандляр ілюзіямі”, абяцае, але не дае нічога, ніколі не выканае таго, аб чым кажа”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“У нас ёсць Езус”, - сказаў Папа і назваў Яго “Трэнерам”, які кажа сваім гульцам: благаслаўлёныя ўбогія духам, засмучаныя, лагодныя, галодныя і прагнучыя справядлівасці, міласэрныя, чыстыя сэрцам, міратворцы, каго пераследуюць за справядлівасць; і Езус гаворыць: радуйцеся з гэтага ўсяго (пар. Мц 5, 1-12). “Чаму? Таму, што Ён не падманвае нас. Паказвае нам шлях, які ёсць жыццём і які ёсць праўдай”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што рэцэпт шчасця паводле Хрыста - гэта быць пяшчотным, умеючым плакаць з тымі, хто плача, быць побач з засмучаным. “Той, хто не ўмее плакаць, не ўмее таксама смяяцца і, тым больш, не ўмее жыць”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік назваў шчаслівымі тых, хто працуе, каб быць больш міласэрным, цярплівым, прабачаць, знаходзіць новыя магчымасці. “Мы ўсе робім памылкі, тысячы. Таму шчаслівыя тыя, хто ў стане дапамагаць іншым, калі тыя робяць памылкі, робяць няправільна; хто застаецца сапраўдным сябрам і ні ад каго не адмаўляецца. Гэта яны чыстыя сэрцам – тыя, хто можа бачыць далей кончыка свайго носа і пераадольваць цяжкасці. Шчаслівыя тыя, хто бачыць, перш за ўсё, добрае ў іншых”, - заключыў Святы Айцец.

Папа заклікаў маладых людзей выходзіць на “поле” гэтага свету і выйграваць сяброў для Езуса, “заражаць” сяброўствам Хрыста ва ўсім свеце, на працы, у школе, праз “WhatsApp”, “Facebook” або “Twitter” і рабіць гэта, не прадаючы ілюзій, але будучы носьбітамі Божага шчасця і прабачэння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.