Касцёл Лацінскай Амерыкі, вядома, мае шмат праблем, ён крыху недысцыплінаваны, але жывы, падкрэсліў Папа Францішак падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Парагвая ў Рым 13 ліпеня. Завяршыўся візіт Пантыфіка ў Лацінскую Амерыку.
Нягледзячы на стомленасць доўгім падарожжам і шматлікімі сустрэчамі, Пантыфік на працягу гадзіны адказваў на пытанні пятнаццаці журналістаў. Папа растлумачыў, што хацеў паехаць на свой родны кантынент, каб дадаць мужнасці гэтаму маладому Касцёлу, кіруючыся перакананнем, што ён можа шмат прапанаваць усяму Касцёлу, асабліва ў Еўропе.
Першыя тры пытанні прагучалі на іспанскай мове і датычылі нюансаў жыцця каталіцкіх супольнасцяў Эквадора, Балівіі і Парагвая, а таксама палітычнай праблематыкі адносна імкнення Балівіі мець доступ да мора. Апошняе Святы Айцец акрэсліў як “вельмі далікатную тэму”. Пытанне аб палітычнай інструменталізацыі яго выступленняў у Эквадоры дало Папу Францішку магчымасць правесці невялікі “ўрок герменеўтыкі” для журналістаў. “Тэкст не можа быць інтэрпрэтаваны на падставе аднаго сказу. Трэба прыняць да ўвагі ўвесь кантэкст і гісторыю, якая на яго паўплывала”, - сказаў Папа.
Адказваючы на пытанні, што гучалі па-італьянску, Пантыфік казаў, у прыватнасці, аб народных рухах, якія створаны не толькі для таго, каб пратэставаць, але і каб змагацца за правы бедных. Іх, па словах Святога Айца, шмат, і таму Касцёл не можа заставацца да гэтага абыякавым; павінен весці дыялог з імі праз сацыяльнае навучанне. “І гэта не анархічны варыянт, таму што яны з’яўляюцца работнікамі. Гэта не выцягванне рукі да ворага, не палітычная рэчаіснасць, але душпастырская”, - сказаў Папа.
Нямецкі журналіст заўважыў, што Святы Айцец шмат кажа пра бедных і багатых, але амаль не звяртае ўвагі на існаванне так званага сярэдняга класу, “людзей, якія працуюць, плацяць падаткі”, так бы мовіць, “нармальных людзей”. “Вы маеце рацыю, гэта памылка з майго боку. Я павінен падумаць пра гэта”, - сказаў Пантыфік і паабяцаў “паглыбіць навучанне” ў гэтым напрамку. Але, на думку Папы, “сярэдняга класу становіцца ўсё менш” за кошт “палярызацыі” паміж багатымі і беднымі. Пантыфік назваў сярэдні клас “вялікай каштоўнасцю”.
Адказваючы на іншыя пытанні, Святы Айцец адзначыў цяжкасці Грэцыі і драматычныя сітуацыі ў Лацінскай Амерыцы, напрыклад, з Венесуэлай, дзе епіскапат імкнецца садзейнічаць нацыянальнаму прымірэнню. Гаворачы аб Калумбіі, Папа заклікаў маліцца, каб не спыняўся мірны працэс пасля пяцідзесяці гадоў канфлікту, што прынёс вялікую колькасць ахвяр.
Святога Айца спыталі і аб яго ролі ў паляпшэнні адносін паміж Кубай і ЗША. Папа адзначыў, што з яго боку гэта не было “пасрэдніцтвам”; проста была “добрая воля дзвюх краін”. Пантыфік прызнаўся, што, калі даведаўся аб існаванні магчымасці нармалізацыі адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі – гэта было ў студзені 2014 г. – на працягу наступных трох месяцаў “проста маліўся за гэта”. Але, па словах Папы, “заслуга належыць ім” – самім краінам – “яны з’яўляюцца тымі, хто зрабіў гэта”. “Мы не зрабілі амаль нічога, толькі маленькія рэчы”, - адзначыў Папа і дадаў, што спадзяецца на працяг працэсу, і тут Святы Пасад “заўсёды гатовы дапамагчы, шмат у чым”. Пантыфік перакананы, што ў дыялогу паміж дзвюма краінамі не можа існаваць боязі нешта страціць: трэба думаць аб тым, што атрымаюць і Куба, і ЗША – спакой, сяброўства, супрацоўніцтва.
Крытыкам, які кажуць, што дыялог з Кубай немагчымы, паколькі там парушаюцца правы чалавека, Пантыфік адказаў: “У свеце ёсць краіны, у тым ліку некаторыя еўрапейскія краіны, дзе не дазваляюцца рэлігійныя праявы, па розных матывах. І на іншых кантынентах гэтак жа. Рэлігійная свабода не паважаецца ва ўсім свеце, ёсць шмат краін, дзе яна не выконваецца”.
У ходзе гутаркі гучалі дасціпныя каментары Папы на розныя тэмы. Пантыфік прызнаўся, што адчувае сябе прадзядуляй, калі яго просяць пазіраваць для сэлфі, якое лічыць праявай культуры новых пакаленняў. У канцы Святы Айцец таксама пажартаваў пра падарункі, якія атрымаў ад Прэзідэнта Маралеса. Узнагароды застануцца ў Балівіі і будуць перададзены ў санктуарый Маці Божай з Копакабана. Што тычыцца драўлянага крыжа ў форме сярпа і молата, Папа сказаў, што не лічыць гэта абразай, і ўзяў яго з сабой у якасці памяці пра айца Эспінала, “незвычайнага чалавека, генія, які змагаўся ў абароне свайго народа таксама з дапамогай “мастацтва пратэсту”, чым была яго паэзія і іншыя формы выказвання”.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|