Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы падвёў вынікі візіту Папы ў Лацінскую Амерыку
Святы Айцец
14.07.2015 14:57

Папа накіраваўся ў Лацінскую Амерыку, каб абвяшчаць Евангелле і яго радасць, і рабіў гэта, аднак, памятаючы аб рэаліях гэтага кантынента, - такі вынік Апостальскага падарожжа, якое завяршылася 12 ліпеня, падвёў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі ў эфіры Ватыканскага радыё.

Па словах кіраўніка Прэс-службы, адным з найважнейшых элементаў гэтай паездкі быў удзел Касцёла ў падтрымцы зменаў, якія ў дадзены момант праходзяць народы Паўднёвай Амерыкі.

“Папа тут быў прыняты сапраўды асаблівым чынам. Мы бачылі гэта з першых момантаў пілігрымкі на шляху картэжа. І гэтая хваля цікавасці і гасціннасць ні на хвіліну не спынялася. І я маю на ўвазе не толькі цудоўныя цэлебрацыі, у якіх, у дадатак да шматлікага духавенства, прымалі ўдзел таксама шматтысячныя, нават мільённыя масы вернікаў. Дзе б ні з’явіўся Папа, яго суправаджаў натоўп”, - падзяліўся святар. На яго думку, першым важным аспектам гэтага падарожжа з’яўляецца шчодры водгук народаў трох краін на прыезд Пантыфіка: увага, любоў і прыняцце яго слоў.

Хоць у Лацінскай Амерыцы адбываюцца станоўчыя пераўтварэнні, тут застаюцца вельмі сур’ёзныя праблемы, такія, як беднасць, няроўнасць, маргіналізацыя, цяжкасці з інтэграцыяй розных сацыяльных груп, заўважыў а. Ламбардзі і дадаў, што Пантыфік улічваў гэта ў сваіх прамовах. Па словах Папы Францішка, мясцовыя Касцёлы могуць падтрымаць працэс сацыяльных змен сваёй пакорай, дабрынёй і блізкасцю да людзей, заклікам да прабачэння і міласэрнасці, і гэта стане праявай салідарнасці і дапамогай у пабудове лепшага грамадства. Евангелле паказвае іншыя крытэрыі, чым проста палітычныя і эканамічныя інтарэсы або ўлада дзяржаўных лідараў, – гэта было пасланне Папы, які спрабаваў дапамагчы зразумець, як зрабіць рэвалюцыю, чэрпаючы натхненне з хрысціянства.

Радасць абвяшчэння Евангелля – гэтая тэма, як адзначыў а. Ламбардзі, аб’яднала ўсе тры этапы папскай пілігрымкі: Эквадор, Балівію і Парагвай. “Пантыфік абвяшчае Евангелле, якое не адарвана ад рэальнасці”, - падкрэсліў святар.

Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы пракаментаваў стан здароўя Пантыфіка падчас 8-дзённай насычанай пілігрымкі. “Я павінен сказаць, што Папа пераносіў нягоды гэтага падарожжа вельмі смела, з вялікім самаадрачэннем, а таксама з характэрнай для яго натуральнасцю”, - прызнаўся а. Ламбардзі і дадаў, што Святы Айцец “прызвычаіў нас да свайго вельмі энергічнага рытму”. Аднак святар заклікаў не забывацца, “колькі яму гадоў”. Тым не менш, апрача шматлікіх запланаваных сустрэч, Пантыфік затрымліваўся і размаўляў з простымі людзьмі, якіх сустракаў на сваім шляху; гэта былі хворыя, бедныя, проста людзі, якія хацелі яму нешта сказаць.

Святар прызнаўся, што для яго асабіста самым кранальным момантам была літургія ў марыйным санктуарыі ў Каакупэ, дзе Папа разам з сабранымі там простымі людзьмі перажыў незвычайна інтэнсіўныя моманты пабожнасці, якія дэманстравалі вялікую любоў да Маці Божай.

“Гэта было падарожжа надзвычай інтэнсіўнае, без пустых момантаў, Папа Францішак увесь час праймаўся тым, што адбываецца”, - падсумаваў а. Ламбардзі і дадаў, што адчувалася непасрэдная дапамога Бога, які даў Пантыфіку неабходныя сілы для здзяйснення гэтага візіту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.