У рамках святкавання двухсотгоддзя з дня нараджэння св. Яна Боско, якое прыпадае на 16 жніўня, Папа Францішак скіраваў ліст на імя Генеральнага настаяцеля супольнасці салезіянаў кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ. Пантыфік падкрэсліў, што скіроўвае сваё пасланне да ўсёй Салезіянскай сям’і.
У лісце, датаваным 24 чэрвеня, урачыстасцю нараджэння св. Яна Хрысціцеля, калі адзначаліся імяніны св. Ян Боско, Папа заклікаў духоўных сыноў і дачок святога наследаваць заснавальніка ў адданасці моладзі. Пантыфік падкрэсліў вялікую актуальнасць святога як “педагога і душпастыра моладзі, які адкрыў шлях святасці маладых і даў адукацыйны метад для сучаснасці”.
Папа нагадаў, што, нягледзячы на змены, якія адбыліся за апошнія 200 гадоў у Італіі і па ўсёй Еўропе, праблемы маладых людзей засталіся тымі ж, і выклікі, з якімі сутыкнуўся заснавальнік салезіянаў у Турыне XIX стагоддзя - такія, як ідалапаклонніцкі культ грошай, - сёння існуюць ужо ў глабальным вымярэнні. Не баючыся праблем моладзі, асабліва беднай, кс. Боско стварыў “прэвентыўную сістэму адукацыі”, якая палягае не на пакаранні злачынстваў, але на іх прадухіленні праз пастаянны выхаваўчы клопат. Гэта педагогіка сапраўды чалавечая і хрысціянская, адзначыў Папа Францішак.
Святы Айцец нагадаў Салезіянскай сям’і пра дзве адукацыйныя задачы, асабліва актуальныя ў наш час. Па-першае, гаворка ідзе пра згоднае з хрысціянскай антрапалогіяй выхаванне да выкарыстання новых сродкаў камунікацыі і сацыяльных медыя. Другая задача заключаецца ў развіцці сацыяльнага валантарыяту, не саступаючы ідэалогіям, якія ставяць рынак і вытворчасць вышэй за годнасць і каштоўнасць працы. Папа таксама падкрэсліў важнасць адукацыйнага значэння душпастырства сем’яў і паглыбленага рэлігійнага жыцця.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|