У адпачынку Папа прысвячае час сябрам і рыхтуецца да наступнага падарожжа |
Святы Айцец
|
27.07.2015 14:22 |
У перыяд летняга адпачынку Папа Францішак прысвячае шмат часу камунікацыі са сваімі сябрамі, а таксама рыхтуецца да Апостальскага падарожжа на Кубу і ў ЗША, якое адбудзецца ў верасні. Аб гэтым распавёў Ватыканскаму радыё кс. Гільерма Карчэр, папскі цырымоніймайстар.
“Ён праводзіць гэтыя дні ў вялікім спакоі і радасці. Я заўсёды бачу яго задаволеным, кожнай раніцы”, - падзяліўся аргенцінскі святар і стары сябар Пантыфіка. Ён адзначыў, што часта сустракае Папу з паперамі ў руках – дакументамі і карэспандэнцыяй. Святы Айцец выкарыстоўвае перыяд адпачынку для перапіскі з блізкімі людзьмі і вывучэння праектаў, якія яму прапануюцца.
Ксёндз Карчэр дадаў, што Пантыфіку не хапае прысутнасці сярод людзей: у Аргенціне летам ён часта наведваў трушчобы Буэнас-Айрэса, падзяляючы з людзьмі цяжкасці самага спякотнага перыяду года.
Адпачынак, як і ў папярэднія гады пантыфікату, Папа Францішак праводзіць у Ватыкане. У ліпені не было агульных аўдыенцый, яны пачнуцца ў жніўні. Папа таксама не прымае ўдзел у публічных мерапрыемствах. Выключэннем з’яўляюцца сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, падчас якіх Пантыфік звяртаецца да пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра, з акна Апостальскага палаца.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|