Папа ўхваліў дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва іерарха, забітага ў часы Асманскай імперыі |
Святы Айцец
|
08.08.2015 16:02 |
8 жніўня Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэла Амата. Падчас аўдыенцыі Папа ўхваліў дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва Слугі Божага Міхаэлюса Флавіянуса Мелкі з Брацтва св. Яфрэма, епіскапа Джазіры, народжанага ў 1958 г. і забітага з нянавісці да веры 29 жніўня 1915 г.
Будучы благаслаўлёны быў іерархам Сіра-Каталіцкай Царквы ў Джазіры – кантоне на мяжы паміж Турцыяй і Іракам. Летам 1915 г., у момант пачатку пераследу армян і прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў у Асманскай імперыі, ён знаходзіўся ў Азаху, але, даведаўшыся пра тое, што адбываецца, вярнуўся ў сваю дыяцэзію. Епіскап адмовіўся ўцякаць і хавацца, нягледзячы на парады сваіх сяброў ісламскага веравызнання.
Быў арыштаваны 28 жніўня разам з халдэйскім епіскапам Жакам Абрагамам. Паводле сведчанняў, абодвух схілялі да адрачэння ад хрысціянства і да прыняцця ісламу. За адмову епіскап Абрагам быў расстраляны, а епіскап Мелкі забіты да страты прытомнасці і абезгалоўлены.
Пасля беатыфікацыі архіепіскапа Армянскай Каталіцкай Царквы Ігнацыя Малаяна, здзейсненай у 2001 г. святым Яна Паўлам ІІ, гаворка ідзе пра другое прызнанне мучаніцтва за веру, перажытае падчас генацыду армян і іншых рэлігійных меншасцяў у Асманскай імперыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|