Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўстанавіў Сусветны дзень малітвы аб абароне стварэння
Святы Айцец
10.08.2015 16:34

Папа Францішак устанавіў Сусветны дзень малітвы аб абароне стварэння, які будзе святкавацца штогадова 1 верасня. Адпаведны ліст Святы Айцец скіраваў 10 жніўня на імя кардынала Пітэра Тарксана, старшыні Папскай рады “Iustitia et pax”, і кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Дзень малітвы мае экуменічны характар і будзе адзначацца таксама Праваслаўнай Царквой. Таму ў спецыяльным пасланні Пантыфіка падкрэсліваецца ўклад Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея і Мітрапаліта Іааніса ў з’яўленне “экалагічнай” энцыклікі Папы “Laudato si’”. У пэўным сэнсе Дзень малітвы аб абароне стварэння з’яўляецца наступствам гэтага папскага дакумента.

У сваім лісце Святы Айцец адзначыў жаданне  вызнаўцаў Хрыста “зрабіць свой унёсак у перамогу над экалагічным крызісам, які перажывае чалавецтва”. Паўтараючы некаторыя думкі сваёй энцыклікі “Laudato si’”, Пантыфік нагадаў, што “духоўнасць неадрыўная ад прыроды” і “павінна перажывацца ў адзінстве з ёй”. Папа заклікаў да сапраўднага “экалагічнага навяртання” і нагадаў, што клопат аб навакольным асяроддзі з’яўляецца часткай цнатлівага жыцця. Ён абавязковы, а не факультатыўны для вызнаўцаў Хрыста, падкрэсліў Пантыфік.

Дзень малітвы аб абароне стварэння, на думку Святога Айца, – гэта трапная нагода, каб падзякаваць Богу за Яго “цудоўную справу”, давераную чалавеку, і папрасіць “аб Яго міласэрнасці за грахі, здзейсненыя супраць свету, у якім жывем”. Святкаванне гэтага дня разам з праваслаўнымі вернікамі будзе сведчаннем адзінства хрысціян, якое ўзрастае, лічыць Папа.

Пантыфік адзначыў важнасць святкавання Дня малітвы не толькі на касцёльным узроўні, але і разам з міжнароднымі арганізацыямі, якія працуюць у сферы абароны прыроды, а таксама падключэння да ініцыятывы вызнаўцаў іншых хрысціянскіх канфесій.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.