Святы Айцец даў інтэрв’ю парафіяльнай радыёстанцыі |
Святы Айцец
|
10.08.2015 17:10 |
Існуе толькі адзін спосаб выйграць вайну – не весці яе, сказаў Папа Францішак у інтэрв’ю радыёстанцыі парафіі Маці Божай з гары Кармэль у Кампа Гала ў аргенцінскай правінцыі Сант’яга-дэль-Эстэра. 8 жніўня Святы Айцец паразмаўляў у прамым эфіры з двума аргенцінскімі святарамі, аднаго з якіх добра ведае з часоў свайго біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе.
Звяртаючыся да маладых радыёслухачоў, Святы Айцец заўважыў, што некаторыя з іх “заўчасна выходзяць на пенсію”. Папа заклікаў моладзь не быць сумнай і прыкладаць намаганні, каб клапаціцца пра іншых і змагацца за вялікія ідэалы. У гэтым, па словах Пантыфіка, можна знайсці сапраўдную радасць.
Святы Айцец выказаў надзею, што хутка зможа адбыцца беатыфікацыя Марыі Антоніі дэ Пас і Фігуэры, вядомай як “Мама Антулі” – кансэкраванай свецкай верніцы, якая жыла ў XVIII ст. на паўночным усходзе Аргенціны і займалася папулярызацыяй езуіцкай духоўнасці. Яна сабрала вакол сябе групу дзяўчат, якія разам жылі, маліліся і клапаціліся аб патрабуючых. Калі ў 1767 г. дзейнасць езуітаў у Аргенціне стала забароненай, Марыя Антонія дэ Пас і Фігуэра працягвала падтрымліваць спраўнай пакінутую імі спадчыну.
У інтэрв’ю была закранута таксама тэма абароны навакольнага асяроддзя. Папа Францішак выказаў заклапочанасць вырубкай лясоў у Паўночнай Амерыцы і заклікаў вернікаў клапаціцца пра прыроду.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|