Важнасць сведчання жыцця брата Ражэ, заснавальніка экуменічнай супольнасці ў Тэзэ, падкрэсліў Папа Францішак у пасланні да 100-й гадавіны з дня нараджэння гэтага французскага экуменіста, 10-й з моманту яго трагічнай смерці і 75-й з часу прыбыцця ў Тэзэ.
Пасланне прачытаў у Тэзэ (Францыя) старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, які спецыяльна прыбыў туды на святкаванні памятных дат, што прайшлі ў мінулыя дні.
Пантыфік нагадаў, што яго папярэднік, Бэнэдыкт XVI, назваў брата Ражэ “нястомным сведкам Евангелля спакою і паяднання, якога вёў агонь экуменізму святасці”. Менавіта гэтае полымя, па словах Папы, выклікала стварэнне супольнасці, якая адыгрывае надзвычай важную ролю ў навядзенні мастоў паміж хрысціянамі.
Папа Францішак адзначыў, што брат Ражэ быў адкрыты да скарбаў традыцый розных Цэркваў, зыходзячы з крыніц хрысціянства; быў у стане суправаджаць маладых людзей у іх духоўных пошуках. Ён таксама любіў бедных, тых, хто страціў усё і з якімі не лічацца. “Сваёй прысутнасцю і прысутнасцю сваіх братоў ён паказаў, што малітва цесна звязана з чалавечай салідарнасцю”, - напісаў Святы Айцец. Дзякуючы Богу за жыццё брата Ражэ, Пантыфік пажадаў членам супольнасці ў Тэзэ быць узорам свайго заснавальніка, заўсёды даючы яснае сведчанне пра Хрыста Уваскрослага і Яго любоў да ўсіх.
Брат Алоіс, кіраўнік супольнасці і наступнік брата Ражэ, падкрэсліў, што натхненнем для супольнасці заўсёды павінен быць экуменізм святасці, які прапаведаваў заснавальнік. “Спашлі на нас Твайго Святога Духа, каб і мы былі сведкамі прымірэння ў нашым паўсядзённым жыцці. Зрабі нас стваральнікамі адзінства сярод хрысціян, калі яны падзяляюцца, дапамажы несці спакой людзям, калі яны спрачаюцца. Навучы нас, як жыць у салідарнасці з самымі беднымі, тымі, хто побач, і тымі, хто далёка”, - сказаў брат Алоіс.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|