«Я прыбываю ў Злучаныя Штаты, каб быць бліжэй да людзей і дапамагчы ім на жыццёвым шляху», – сказаў Папа Францішак падчас тэлемосту з вернікамі некаторых амерыканскіх гарадоў. Трансляцыя «віртуальнай аўдыенцыі» Святога Айца прайшла 4 верасня ў эфіры мясцовай тэлевізійнай сеткі «AbcNews».
З дапамогай сучасных тэхналогій Пантыфік паразмаўляў з некаторымі вучнямі езуіцкай школы ў Чыкага, вернікамі каталіцкай супольнасці Мак-Алена на мяжы з Мексікай і з групай валанцёраў, якія дапамагаюць бяздомным на вуліцах Лос-Анджэлеса.
Папа прызнаўся, што блізкасць да людзей з’яўляецца для яго вельмі важнай. «Мне складана быць далёка ад народу. Але калі набліжаюся да людзей, як будзе з вамі, мне стане лягчэй вас зразумець і дапамагчы на жыццёвым шляху», – падкрэсліў Пантыфік. У гэтым, па словах Папы, заключаецца важнасць падарожжа ў ЗША, якое ён здзейсніць 22-27 верасня.
Звяртаючыся да моладзі, Святы Айцец казаў аб важнасці выхавання ў сабе мужнасці. «Адвага дае табе радасць, а радасць дае надзею», – сказаў Папа. Пантыфік пагадзіўся, што жыццё часам вельмі складанае, але «цяжкасцяў баяцца не трэба», таму што сілы для перамогі над імі Бог дае заўсёды.
Святы Айцец выказаў захапленне мужнасцю самотнай маці двух дзяцей, з якой паразмаўляў падчас тэлемосту. «Ты магла забіць іх у сваім улонні, але аднеслася з пашанай да жыцця, ушанавала жыццё, якое расло ўнутры цябе, і Бог цябе ўзнагародзіць, ужо ўзнагароджвае. Ты не павінна саромецца. Кроч з узнятай галавой: “Я не забіла сваіх дзяцей, а прынесла іх у свет”», – пажадаў Папа.
Пантыфік адзначыў важнасць адказнасці людзей адзін за аднаго. «Сацыяльнае сяброўства – гэта прычына, па якой Бог нас стварыў. Кажучы футбольнымі тэрмінамі, зараз адбываецца матч паміж “сацыяльным сяброўствам” і “сацыяльнай варожасцю”. Выбар павінен зрабіць кожны з нас у сваім сэрцы, і мы павінны дапамагчы іншым зрабіць яго», – сказаў сваім суразмоўцам Папа.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|