Святы Айцец наведае Афрыку з 25 па 30 лістапада |
Святы Айцец
|
10.09.2015 17:25 |
10 верасня Апостальская Сталіца афіцыйна абвясціла даты візіту Папы Францішка на афрыканскі кантынент. Святы Айцец наведае Кенію, Уганду і Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку.
Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Прэс-службы Святога Пасаду, Пантыфік, прымаючы запрашэнне кіраўнікоў дзяржаў і біскупаў, здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Кенію з 25 па 27 лістапада, ва Уганду — з 27 па 29 лістапада і ў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку — з 29 па 30 лістапада. Падрабязная праграма візіту будзе прадстаўлена ў бліжэйшы час.
Пантыфік асабіста «анансаваў» сваю афрыканскую пілігрымку 12 чэрвеня падчас сустрэчы з удзельнікамі ІІІ Сусветных рэкалекцый для святароў, якія праходзілі ў Рыме. Падчас жывога дыялогу святар з Бурундзі спытаў Папу аб магчымасці яго візіту ў Афрыку, на што Святы Айцец даў сцвярджальны адказ і назваў у якасці сваёй мэты Уганду і Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку. Таксама Пантыфік дадаў, што разглядаецца магчымасць яго падарожжа ў Кенію, што цяпер пацверджана афіцыйна.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|