Папа Францішак скіраваў прывітанне да членаў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), якія сабраліся на Святой Зямлі на Пленарную Асамблею. Форум праходзіць 11-16 верасня. Беларускі епіскапат на ім прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Прашу, каб час, праведзены разам, быў перш за ўсё часам моцнай малітвы і салідарнасці», — заклікаў іерархаў Святы Айцец.
Пантыфік пажадаў, каб гэты «час адпачынку ў Пану» стаў для біскупаў часам абнаўлення ў «святасці жыцця і апостальскай стараннасці» на карысць давераных іх клопату асобаў, каб нанова запаліў навізной Евангелля, з якога «бяруць пачатак новыя шляхі, крэатыўныя метады, іншыя формы выразу, больш красамоўныя знакі, словы, напоўненыя абноўленым значэннем для сённяшняга свету».
«Асабліва давяраю вашай малітве бліжэйшы Сінод Біскупаў, каб Касцёл з усё большай рашучасцю і велікадушнасцю змог адказаць на патрэбы сям’і», — напісаў Святы Айцец і запэўніў іерархаў у сваім благаслаўленні.
Падчас асамблеі прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў будуць абмяркоўваць выклікі, якія стаяць перад мясцовымі Касцёламі на Старым Кантыненце. 12 верасня іерархі прымуць удзел у малітоўным чуванні ў інтэнцыі сем’яў, якое пройдзе ў Назарэце. Затым яны накіруюцца ў Бэтлеем, каб наведаць дабрачынныя касцёльныя структуры, школу для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі, а таксама цэнтр дапамогі ўдовам. У родным горадзе Езуса Хрыста іерархі сустрэнуцца з мясцовымі біскупамі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій. Плануецца таксама сустрэча з ізраільскімі і палесцінскімі палітычнымі прадстаўнікамі. Апошнім пунктам асамблеі стане Эўхарыстыя ў храме Гробу Пана ў Ерузалеме.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|