Папа Францішак даў інтэрв’ю аргенцінскай радыёстанцыі «FM Milenium» і партугальскай «Rádio Renascença». У першым Пантыфік засяродзіўся на тэмах сяброўства, сустрэчы, дыялогу і клопату аб стварэнні, а ў другім, прымеркаваным да візіту біскупаў Партугаліі ў Ватыкан, – на праблемах моладзі і катэхізацыі.
У першым інтэрв’ю, гаворачы са сваім даўнім сябрам, аргенцінскім радыёжурналістам-пратэстантам Марсэлам Фігуэра, Папа заўважыў, што «сябар – гэта не проста знаёмы, з якім прыемна паразмаўляць», але той, хто суправаджае па жыцці. Добрага сябра можна не бачыць некалькі гадоў, але заўсёды адчуваеш, што апошняя сустрэча была «нібыта ўчора», падзяліўся сваімі думкамі Святы Айцец. Па словах Папы, перад абліччам «культуры варожасці» вызнаўцам розных рэлігій трэба будаваць культуру сустрэчы і братэрства.
У размове з партугальскай «Rádio Renascença» была закранута тэма рэлігійнага выхавання моладзі. У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў, што «катэхеза не павінна быць выключна тэарэтычнай»; гэта навучанне для жыцця, таму ў ёй павінны выкарыстоўвацца тры мовы: розуму, сэрца і рук, каб моладзь была знаёма з верай, адчувала яе ў сэрцы і была здольнай жыць ёю на практыцы.
Сітуацыю з мігрантамі ў Еўропе Папа назваў толькі «вяршыняй айсбергу», бо неабходна вырашаць прычыны гэтага феномену. «Там, дзе прычына ў голадзе, трэба ствараць фонды працы, інвеставаць. Там, дзе прычына ў вайне – шукаць міру і працаваць для яго. Сёння свет вядзе вайну супраць самога сябе», – сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што сам паходзіць з эмігранцкай сям’і, якая прыбыла ў Аргенціну – краіну, што не паддалася ксенафобіі і была адкрытай на чужынцаў.
Каментуючы сітуацыю з нізкай нараджальнасцю ў Еўропе, Святы Айцец назваў яе прычынай «культуру дабрабыту». Пантыфік пажадаў, каб кантынент перастаў быць «Еўропай-бабуляй», а зноў стаў «Еўропай-маці», якая грае лідарскую ролю ў свеце і клапоціцца пра моладзь, асабліва беспрацоўную.
Святы Айцец прапанаваў, каб манаскія супольнасці і свецкія выхаваўцы стваралі «маленькія курсы» для юнакоў і дзяўчат, якія б дапамагалі атрымліваць прафесійныя навыкі і знаходзіць працу. У прыклад Папа паставіў асобу св. Яна Боско і яго адукацыйны метад. На думку Пантыфіка, Касцёл павінен быць крэатыўным, умець ісці насустрач людзям і рызыкаваць. Папа дадаў, што аддае перавагу Касцёлу, які «патрапіў у здарэнне», таму што выйшаў на вуліцу, у параўнанні з тым, які нікуды не выходзіць.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|