Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Сусветны дзень хворага: «Служэнне іншым робіць нас падобнымі да Езуса»
Святы Айцец
15.09.2015 15:53

Папа Францішак скіраваў пасланне на XXIV Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага 2016 г. У ім Пантыфік заклікаў патутуючых ад хваробаў даверыцца Панне Марыі і паглядзець на свае цярпенні праз прызму веры.

Перад абліччам хваробы, як адзначыў Папа, вельмі лёгка паддацца роспачы, але менавіта ў такія моманты «вера ў Бога раскрывае ўвесь свой пазітыўны патэнцыял». Вера, напісаў Пантыфік, не дае хваробе ці болю знікнуць, але дае святло, каб паглядзець на іх па-новаму, адкрывае «самы вялікі сэнс» таго, што перажывае чалавек. Аб такім святле неабходна прасіць Маці Божую, дадаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ў евангельскім аповедзе пра вяселле ў Кане Галілейскай менавіта Марыя заступілася за людзей. Яна, па словах Пантыфіка, мае «пільныя і добрыя вочы», а таксама «матчынае і поўнае міласэрнасці сэрца»; у Яе клопаце адлюстроўвацца пяшчота Бога, тая самая, якую нясуць хворым асобы, якія клапоцяцца пра іх: маці, якія даглядаюць сваіх малых дзяцей; дзеці, якія глядзяць за сваімі пажылымі бацькамі; унукі, якія чуваюць побач са сваімі бабулямі ці дзядулямі. Папа заклікаў іх даверыцца Маці Божай і прасіць для хворых аб ласцы здароўя, а таксама аб «нечым большым»: «аб жыццёвым спакоі, які нараджаецца ў сэрцы і з’яўляецца дарам Бога».

Святы Айцец дадаў, што на вяселлі ў Кане былі слугі, якія напоўнілі амфары вадой, затым перамененай Езусам у віно. Гэтыя «ананімныя постаці» могуць «навучыць нас многаму», таму што «шчыра паслухаліся і неадкладна зрабілі тое дабро, якое ад іх патрабавалася, без нараканняў і разлікаў», заўважыў Папа.

Па словах Святога Айца, гэтае апавяданне паказвае, што Езус разлічвае на супрацоўніцтва чалавека, на «яго гатоўнасць служыць патрабуючым і хворым». Гэта можа быць складанае служэнне, але Пан пераменіць яго ў «нешта боскае», таму што «служэнне іншым робіць нас падобнымі да Езуса, больш, чым штосьці іншае», напісаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.