Пантыфік папрасіў аб малітве перад візітам на Кубу і ў ЗША |
Святы Айцец
|
16.09.2015 15:26 |
16 верасня на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Францішак нагадаў, што 19 верасня пачынаецца яго Апостальскае падарожжа на Кубу і ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Пантыфік прывітаў жыхароў гэтых краін і папрасіў вернікаў падтрымліваць яго малітоўна.
«У бліжэйшую суботу я адпраўлюся ў Апостальскае падарожжа на Кубу і ў ЗША, у місію, да якой рыхтуюся з вялікай надзеяй. Галоўнай прычынай майго падарожжа з’яўляецца VIII Сусветная сустрэча сем’яў, якая адбудзецца ў Філадэльфіі. Я таксама наведаю сядзібу ААН у 70-ю гадавіну існавання гэтай структуры», — нагадаў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў кубінскіх і амерыканскіх вернікаў духоўна падрыхтавацца да гэтых падзей. «Прашу ўсіх спадарожнічаць мне ў малітве, прасіць аб святле і моцы Святога Духа і заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца апякункай Кубы, як Маці Божая з Эль-Кобрэ, і апякункай Злучаных Штатаў Амерыкі, як Беззаганна Зачатая», — сказаў Папа Францішак.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|