Грамадска-эканамічныя перамены на Кубе, пытанні міграцыі і інтэгральнай экалогіі стануць галоўнымі тэмамі візіту Папы Францішка на Кубу і ў ЗША, які абудзецца 19-28 верасня, адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца Дзяржаўны Сакратар кардынал П’етро Паралін.
Перад дзясятым падарожжам Пантыфіка за межы Італіі кардынал даў вялікае інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру.
Дзяржаўны Сакратар звярнуў увагу на тое, што Апостальская Сталіца заўсёды была супраць эмбарга, накладзенага на Кубу, і пастаянна прыкладала намаганні, каб гэтае абмежаванне было знята. Іерарх падкрэсліў, што санкцыі падобнага роду заўсёды выклікаюць пакуты нявінных людзей. Таксама кардынал выказаў спадзяванне на адкрытасць кубінскіх уладаў у пытанні павагі да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод.
Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў аб ролі марыйнай пабожнасці, якая галоўным чынам характарызуе рэлігійнасць кубінцаў. Адным з пунктаў праграмы візіту Папы на Кубу з’яўляецца наведванне нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ ў Санцьяга.
Па словах Дзяржсакратара, адной з галоўных тэм у прамовах Святога Айца ў ЗША будзе міграцыя. Кардынал нагадаў, што Злучаныя Штаты маюць доўгую гісторыю міграцыі, а таксама адкрытасці і прыняцця людзей, якія прыбываюць у Амерыку. Па гэтай прычыне ЗША ў стане знайсці адпаведныя рашэнні ўсеагульных міграцыйных праблем, дадаў іерарх.
Кардынал адзначыў, што прамовы Папы Францішка ў ААН і Кангрэсе Злучаных Штатаў стануць нагодай для ўзняцця тэм інтэгральнай экалогіі і павагі да фундаментальных правоў чалавека: права на жыццё і рэлігійную свабоду. «Папа закліча да змены стылю жыцця, каб мы больш станавіліся абаронцамі стварэння», — сказаў Дзяржаўны Сакратар.
На заканчэнне размовы бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка заўважыў, што VIII Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі, у якой прыме ўдзел Святы Айцец, з’яўляецца формай падрыхтоўкі да кастрычніцкага Сінода Біскупаў. «Папа падкрэсліць прыгажосць сям’і і дапамогу, якую ўсім сем’ям дае Евангелле», — адзначыў кардынал П’етро Паралін.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|