Перад сваім візітам на Кубу Папа Францішак звярнуўся да жыхароў гэтай краіны з відэапасланнем. Яно было апублікавана 17 верасня на сайце мясцовага епіскапату і знайшло водгук у дзяржаўных кубінскіх СМІ.
Святы Айцец сказаў, што прыбывае на Кубу, каб запэўніць яе грамадзян у любові і міласэрнасці Хрыста. Папа прызнаўся, што жадае раздзяліць з кубінцамі веру і надзею дзеля ўзаемнага ўмацавання ў наследванні Езуса. Пантыфік адзначыў вернасць Касцёла на Кубе, яго мужнасць перад абліччам штодзённых цяжкасцяў і ўзаемную любоў, якой жыхары карыбскага вострава дзеляцца паміж сабой. «Дзякую за гэтае ваша важнае сведчанне», — сказаў Папа.
«Езус вас вельмі любіць. Езус любіць вас сур’ёзна. Вы заўсёды ў Яго сэрцы. Ён ведае лепш за ўсіх, чаго кожны з вас патрабуе, да чаго імкнецца, якія прагненні найглыбейшыя, якім з’яўляецца сэрца. Ён вас ніколі не пакіне», — адзначыў Пантыфік у відэазвароце. Святы Айцец нагадаў пра вернасць Бога, нават перад абліччам грахоў чалавека, падзякаваў кубінскім вернікам за малітву ў інтэнцыі яго Апостальскага падарожжа і заклікаў удасканальваць свае сэрцы ў школе Езуса Хрыста.
Папа прызнаўся, што прагне прыбыць на Кубу ў якасці місіянера Божай міласэрнасці, і заахвоціў мясцовых католікаў саміх станавіцца місіянерамі бясконцай Божай любові, каб усім было дастаткова сведчання веры і любові. «Няхай увесь свет ведае, што Бог стаіць на нашым баку, што Бог нас любіць», — пажадаў Пантыфік і даверыў свой візіт апецы Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|