Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа правёў відэамост са школьнікамі Кубы і ЗША
Святы Айцец
19.09.2015 14:58

Вучыць клопату аб навакольным асяроддзі неабходна з самага маленства, адзначыў Папа Францішак падчас відэамосту са школьнікамі з Кубы і ЗША, арганізаванага ў рамках адукацыйнага праекту «Scholas Occurentes».

Трансляцыю дыялогу Святога Айца з юнакамі і дзяўчатамі з Нью-Ёрка і Гаваны 18 верасня ажыццявіла амерыканская тэлекампанія «CNN».

У ходзе размовы ўздымаліся розныя тэмы, сярод якіх значнае месца заняла праблема аховы навакольнага асяроддзя. Па словах Папы, прырода сёння знаходзіцца ў шэрагах маргіналізаваных і просіць, каб чалавек звярнуў увагу на яе і пачаў аб ёй клапаціцца. Першае, што можа зрабіць моладзь сёння — гэта ўсвядоміць вялікія і малыя праблемы, якія існуюць у яе кварталах, гарадах і краінах, заўважыў Пантыфік. Святы Айцец нагадаў аб важнасці маленькіх учынкаў кожнага чалавека на карысць экалогіі, пра якія казаў у сваёй энцыкліцы «Laudato si’»: «Рабіць тое малое, што можна зрабіць... Аб’яднаць волі і выратаваць наш супольны дом».

Таксама Пантыфік паразмаўляў з моладдзю аб лідарстве. Святы Айцец адзначыў, што сапраўдны лідар — гэта той, які здольны ствараць новых лідараў сярод моладзі; калі ж «асоба хоча быць адзіным лідарам — гэта тыран». Папа дадаў, што «сапраўднае лідарства — плённае» і яго семя мае кожны, толькі трэба дапамагчы яму прарасці, каб стаць лідарамі меркавання, дзеяння, радасці, надзеі, будавання лепшага свету.

Адказваючы на пытанне аб эканамічным эмбарга, накладзеным ЗША на Кубу, Пантыфік падкрэсліў важнасць будавання мастоў і дыялогу, «каб камунікацыя дала месца сяброўству». Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат без страху крочыць наперад у справе адзінства паміж народамі і памятаць, што будучыня знаходзіцца ў іх руках.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.