Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік на Імшы ў Гаване: «Каб быць хрысціянінам, неабходна служыць годнасці братоў»
Святы Айцец
20.09.2015 16:51

20 верасня ў межах свайго Апостальскага падарожжа на Кубу і ў ЗША Папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване, падчас якой удзяліў Першую святую Камунію групе кубінскіх дзяцей.

У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на пытанне, якое Езус скіраваў да сваіх вучняў: «Пра што па дарозе вы разважалі?» «Гэта пытанне, якое Ён можа задаць кожнаму з нас сёння: аб чым размаўляеце штодзённа? Якія вашы прагненні?» — сказаў Папа. Аднак вучні, дадаў Пантыфік, саромеліся адказаць і маўчалі, бо разважалі паміж сабою, хто большы.

Пытанне аб тым, «хто большы», спадарожнічае чалавеку, па словах Папы, на працягу ўсяго жыцця: яно ўкаранёна ў сэрцы, і гісторыя пазначаецца тым, як на яго адказваюць людзі.

Святы Айцец падкрэсліў, што «Езус не баіцца чалавечых пытанняў» і пошукаў: наадварот — Ён добра ведае «закуткі» чалавечага сэрца і як добры педагог заўсёды гатовы спадарожнічаць людзям. Папа дадаў, што, «верны свайму стылю дзеяння, Ён бярэ на сябе нашыя пытанні і прагненні, надаючы ім новы гарызонт», Ён здольны даць адказ, які паставіць новы выклік і заўсёды ўстанаўлівае логіку любові, «якой могуць жыць усе».

Гарызонт Езуса далёкі ад «элітарызму»; гэта заўсёды прапанова для штодзённага жыцця, каб кожны дзень набываў «смак вечнасці», адзначыў Пантыфік.

«У гэтым заключаецца парадокс Езуса. Вучні дыскутавалі аб тым, хто б мог заняць важнейшае месца, быць выбраным у якасці прывілеяванай асобы, быць выключаным з-пад агульнага права, з-пад агульнай нормы, каб узняцца над усімі іншымі, хто б мог хутчэй узвысіцца, каб заняць пасаду, якая б давала пэўную выгаду. Езус адкінуў іх логіку, проста кажучы, што сапраўднае жыццё перажываецца ў канкрэтнай дзейнасці на карысць бліжніх», — сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што служэннем з’яўляецца клопат пра самых слабых у сем’ях, грамадстве, краіне, і заклікаў да канкрэтнай дзейнасці на карысць самых пакутуючых і змучаных і да адказнага выканання грамадзянскіх абавязкаў. «Каб быць хрысціянінам, неабходна служыць годнасці братоў, змагацца за годнасць братоў і жыць дзеля годнасці братоў. Таму хрысціянін заўсёды пакліканы да таго, каб адставіць у бок свае патрэбы, чаканні і жаданні ўсемагутнасці перад канкрэтным позіркам самых безабаронных», — звярнуў увагу Папа і заклікаў да бескарыслівага служэння, якое ніколі не павінна ператварацца ў ідэалогію, а здзяйсняцца толькі дзеля дабра людзей.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец адзначыў, што веліч народа, нацыі і чалавека заключаецца ў тым, як яны служаць безабароннасці сваіх братоў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.