Папа Францішак заклікаў кубінскае духавенства даваць сведчанне беднасці і міласэрнасці. Святы Айцец сустрэўся з яго прадстаўнікамі 20 верасня ў катэдральным касцёле Гаваны. Да сабраных Пантыфік звярнуўся экспромтам.
Папа падкрэсліў, што беднасць — нязручнае слова; марны свет пагарджае ёю і не жадае на яе глядзець. Яму не падабаецца шлях Езуса Хрыста, які прынізіў сябе і пазбавіўся ўсяго, каб стаць адным з нас, дадаў Пантыфік. Багаты юнак ў Евангеллі захоўваў усе запаведзі, але баяўся беднасці і адышоў ад Пана засмучаным, нагадаў Папа.
Па словах Пантыфіка, неабходна ўмець кіраваць матэрыяльнай маёмасцю, але калі гэтыя даброты ўваходзяць у сэрца і пачынаюць кіраваць жыццём чалавека, яно губляе своё сэнс. «Марнасць знішчыла многія душы», — дадаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што, на падабенства евангельскага юнака, шчодрыя душы пачыналі добра, але затым паддаліся марнасці і скончылі кепска, ведучы шэрае, бязрадаснае і пасрэднае жыццё; яны згубілі любоў, таму што багацце робіць беднымі. Яно пазбаўляе лепшага з таго, што мае чалавек, падкрэсліў Пантыфік.
«Адзін стары мудры святар сказаў мне: калі дух багацця ўваходзіць у сэрца законніка, законніцы, святара, біскупа ці Папы, калі яны пачынаюць збіраць сродкі, каб забяспечыць будучыню, тады іх будучыня не ў Хрысце: яны спадзяюцца на свайго роду “страхавую кампанію духоўнага характару”, якой самі і кіруюць. Таму, калі, напрыклад, якая-небудзь манаская супольнасць пачынае збіраць грошы, то Бог настолькі добры, што пасылае да яе няздатнага эканома, які прыводзіць да правалу гэтую задуму. Такія няздатныя эканомы з’яўляюцца лепшым благаслаўленнем Бога для Яго Касцёла, таму што робяць яго свабодным, робяць яго бедным», — сказаў Папа.
Таксама Святы Айцец заклікаў кубінскае духавенства працягваць служыць самым слабым, бедным і хворым. «Калі нехта ў сваім сэрцы аддае перавагу самаму малому, самаму адрынутаму, самаму хвораму, аб якім ніхто не клапоціцца, то ён служыць Езусу найлепшым чынам», — сказаў Пантыфік.
Папа нагадаў святарам аб важнасці таго, каб быць міласэрнымі ў канфесіянале. «Калі чалавек паказвае свае пакуты, не карай яго. Першы камень у яго можаш кінуць, калі ў цябе няма граху, — толькі пры такой умове», — адзначыў Святы Айцец і заклікаў святароў не стамляцца прабачаць людзей і быць міласэрнымі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|