Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Ольгіне (Куба): «Нават калі мы не асмельваемся ўзняць вочы на Пана, Ён першы глядзіць на нас»
Святы Айцец
22.09.2015 15:49

21 верасня ў межах Апостальскага падарожжа на Кубу Папа Францішак наведаў Ольгін — горад ва ўсходняй частцы Кубы, у якім не быў ніводзін з Рымскіх Пантыфікаў. На цэнтральнай плошчы Папа ўзначаліў Эўхарыстыю ў прысутнасці шматлікіх вернікаў.

У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на гісторыю паклікання св. Мацвея. Ён сядзеў на мытні, а калі адчуў на сябе позірк Езуса і пачуў Яго заклік: «Ідзі за мной», устаў і пайшоў, нагадаў евангельскае апавяданне Святы Айцец.

«Якую сілу любові меў позірк Езуса, каб падштурхнуць Мацвея да таго, што ён учыніў; колькі сілы павінны былі мець тыя вочы, каб падняць яго!» — заўважыў Папа. Пантыфік нагадаў, што яўрэі пагарджалі мытнікамі, да якіх адносіўся Мацвей, бо тыя збіралі падаткі і перадавалі іх рымлянам; гэтую катэгорыю людзей яны лічылі грэшнікамі і здраднікамі і вымушалі сяліцца асобна ад іншых.

Езус, аднак, затрымаўся перад ім, паглядзеў на яго вачыма, поўнымі міласэрнасці, і гэты позірк адкрыў яго сэрца, вызваліў яго, аздаравіў, даў яму надзею, новае жыццё, як і Закхею, Бартымею, Марыі Магдалене, Пятру, а таксама кожнаму з нас, адзначыў Папа. «Нават калі мы не асмельваемся ўзняць вочы на Пана, Ён першы глядзіць на нас», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што позірк Езуса бачыць далей за грэх і нікчэмнасць, а Хрыстус прыйшоў менавіта для таго, каб шукаць тых, хто адчувае сябе нягодным Бога і іншых. «Дазволім, каб Езус паглядзеў на нас, дазволім, каб Яго позірк перамяніў нашы вуліцы, дазволім, каб Яго позірк вярнуў нам радасць і надзею», — заклікаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што, паглядзеўшы на Мацвея, Хрыстус сказаў: «Ідзі за Мной», — і той устаў і пайшоў; былы мытнік змяніўся — цяпер ён не браў, а даваў, знайшоў радасць у служэнні. «Для Мацвея і для кожнага, хто адчуў на сябе позірк Езуса, яго суграмадзяне больш не з’яўляюцца тымі, з якімі проста “жывеш побач”, якіх можна выкарыстоўваць і эксплуатаваць. Позірк Езуса нараджае місійную дзейнасць, служэнне, самаахвярнасць. Яго любоў вылечвае нашу недальнабачнасць і падштурхоўвае глядзець далей, не спыняцца перад тым, што відавочнае ці палітычна карэктнае», — заўважыў Пантыфік.

Папа заклікаў вернікаў вучыцца такому позірку, які меў Езус, і дзяліцца Божай чуласцю і міласэрнасцю з хворымі, вязнямі, пажылымі людзьмі і сем’ямі, якія перажываюць цяжкасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.