Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа завяршыў візіт на Кубу сустрэчай з сем’ямі
Святы Айцец
23.09.2015 16:24

Сям’я — школа чалавечнасці, нават калі і не бывае дасканалых бацькоў, адзначыў Папа Францішак падчас сустрэчы з кубінскімі сем’ямі ў катэдральным касцёле Сант’яга-дэ-Куба. Пантыфік благаславіў усіх цяжарных жанчын, якія знаходзіліся ў святыні, а таксама тых, якія сачылі за падзеяй праз медыя.

У сям’і, адзначыў Святы Айцец, чалавек вучыцца таму, «што кожны мае патрэбу ў іншым». Калі знікнуць «сямейныя моманты», як здараецца ў многіх сучасных культурах, тады «ўсё будзе імкнуцца да падзелу і ізаляцыі», сказаў Папа, і ў такой сітуацыі «людзі ператвараюцца ў ізаляваных індывідуумаў, якімі лёгка маніпуліраваць і кіраваць». Святы Айцец заклікаў клапаціцца аб сем’ях, якія з’яўляюцца «сапраўднай школай заўтрашняга дня», сапраўднай «прасторай свабоды», «цэнтрам чалавецтва». Адносіны паміж членамі сям’і Пантыфік назваў фундаментам і асновай нашых дзён.

Святы Айцец адзначыў, што ў сям’і людзі пакліканы «шукаць лепшага для іншых». «У добрай сям’і эгаізм слабее», а калі знікае сямейнае жыццё, пачынае дамінаць; людзі прызначаюць цэнтральнае месца сабе і «не ведаюць ні салідарнасці, ні братэрства, ні супрацоўніцтва, ні любові, ні дыялогу», сказаў Папа. Па словах Пантыфіка, менавіта ў штодзённых сямейных адносінах праяўляецца Божая любоў і дзейнасць Святога Духа. Папа заклікаў не баяцца спрэчак і прызнаўся, што больш палохаецца, калі некаторыя сужэнствы, муж і жонка, сцвярджаюць, што паміж імі ніколі не здараецца сварак.  

У завяршэнне сваёй прамовы Папа адзначыў, што сустрэча з кубінскімі сем’ямі стала кульмінацыйным момантам яго падарожжа на востраў, і нагадаў, што праз некалькі дзён прыме ўдзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі (ЗША) і заклікаў маліцца ў інтэнцыі сучаснай сям’і.

Пасля кароткай цырымоніі развітання ў аэрапорце Сант’яга-дэ-Куба Святы Айцец накіраваўся ў Вашынгтон.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.