Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік правёў прэс-канферэнцыю ў самалёце на шляху ў ЗША
Святы Айцец
23.09.2015 16:35

22 верасня на шляху з Сант’яга-дэ-Куба ў Вашынгтон Папа Францішак правёў імправізаваную прэс-канферэнцыю на борце самалёта.

Пантыфік пракаментаваў сваё сацыяльнае навучанне. «Я ўпэўнены, што ніколі не сказаў нічога, акрамя таго, што змяшчаецца ў сацыяльным навучанні Касцёла, — адзначыў Папа. — Я грунтуюся на навучанні Касцёла і не думаю, што ў гэтым дачыненні зрабіў памылку».

Таксама Святога Айца спыталі пра эканамічнае эмбарга ЗША супраць Кубы. Пантыфік адзначыў, што сацыяльная дактрына Касцёла крытычна ставіцца да любога эканамічнага эмбарга, асабліва калі яно доўжыцца шмат гадоў, з-за яго негатыўнага ўздзеяння на бедныя слаі насельніцтва. Разам з тым Папа дадаў, што не збіраецца закранаць пытанне эмбарга ў прамове ў Кангрэсе ЗША. Там Пантыфік будзе казаць наогул пра важнасць двухбаковых пагадненняў для садзейнічання прагрэсу, міру і агульнаму дабру. «Праблема эмбарга з’яўляецца часткай перамоў. Гэта было апублікавана. Абодва Прэзідэнты казалі аб гэтым. Гэта частка цяперашняга шляху да добрых адносін», — сказаў Папа і выказаў пажаданне, каб перамовы завяршыліся паспяхова, дамовай, задавальняючай абодва бакі.

Святы Айцец прызнаў, што візіт на Кубу стаў магчымым дзякуючы «шэрагу супадзенняў». Папа спадзяваўся, што шлях у Злучаныя Штаты будзе пралягаць праз мексіканскі горад Сьюдад-Хуарэс, але ўсё змянілася, калі Прэзідэнт Кубы Рауль Кастра і Прэзідэнт ЗША Барак Абама дамовіліся пачаць перамовы аб нармалізацыі адносін.

Журналісты спыталі Пантыфіка, чаму ён не сустрэўся з кубінскай апазіцыяй. Папа паведаміў, што не было прадугледжана ніякіх прыватных сустрэч у нунцыятуры, нават з кіраўнікамі іншых дзяржаў. Тым не менш прадстаўнікі апазіцыі былі запрошаны ў катэдральны касцёл, каб мець магчымасць сустрэцца са Святым Айцом. «Я вітаў там шмат людзей, але ніхто не прадставіўся як дысідэнт», — прызнаўся Пантыфік.

Іншае пытанне датычыла сустрэчы Папы з Фідэлем Кастра і асабліва таго, ці выказаў апошні шкадаванне з-за жорсткага абыходжання з Каталіцкім Касцёлам. Пантыфік адказаў, што раскаянне — гэта нешта вельмі асабістае, звязанае з сумленнем. Папа прызнаўся, што падчас размовы з былым кіраўніком Кубы гаворка ішла пра езуітаў, якіх той ведаў як вучань езуіцкай школы, пра тое, наколькі сур’ёзнай працы яны патрабавалі ад сваіх студэнтаў. Асаблівае месца ў размове заняла новая энцыкліка Папы Францішка, таму што Кастра вельмі зацікаўлены пытаннямі экалогіі. Пантыфік дадаў, што не было гаворкі пра мінулае, з выключэннем досведу езуіцкай школы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.