Cвяты Айцец прыбыў у ЗША: візіт у Белы дом |
Святы Айцец
|
23.09.2015 18:05 |
Папа Францішак у рамках свайго дзясятага Апостальскага падарожжа прыбыў у Злучаныя Штаты Амерыкі. 23 верасня ў Белым доме ў Вашынгтоне адбылася афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка.
Са спецыяльнага подыума, размешчанага на Паўднёвым лужку Белага дома, Папа звярнуўся да каля 20 тысяч запрошаных. У Авальным кабінеце Белага дома адбылася прыватная гутарка Пантыфіка з Прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам. Гэта ўжо другая іх сустрэча, першая адбылася ў Ватыкане ў сакавіку 2014 г.
Падчас свайго выступлення ля Белага дома Папа падзякаваў за гасціннасць кіраўніку амерыканскай дзяржавы і выказаў радасць ад прабывання ў краіне, якая была пабудавана пераважна эмігранцкімі сем’ямі. Пантыфік нагадаў, што таксама паходзіць з такой сям’і.
Святы Айцец заўважыў, што амерыканскія католікі, якія разам са сваімі суайчыннікамі «задзейнічаны ў будаванні па-сапраўднаму талерантнага і інклюзіўнага грамадства, абароне правоў індывідуумаў і супольнасцяў і барацьбе з рознымі формамі дыскрымінацыі», разам са «шматлікімі іншымі людзьмі добрай волі» чакаюць павагі да сваіх «самых глыбокіх хваляванняў і неад’емнага права на рэлігійную свабоду». «Гэтая свабода з’яўляецца адной з самых каштоўных заваёў Амерыкі!» — сказаў Папа.
Пантыфік высока ацаніў ініцыятыву Барака Абамы па стрыманні забруджвання паветра. Праблема клімату не павінна быць пакінута наступнаму пакаленню, сказаў Папа і заклікаў хрысціян прымаць актыўны ўдзел у абароне навакольнага асяроддзя.
Святы Айцец выказаў спадзяванне, што Злучаныя Штаты падтрымаюць намаганні міжнароднай супольнасці на карысць самых неабароненых у свеце асоб і будуць падтрымліваць інтэгральныя і інклюзіўныя мадэлі развіцця, каб людзі ва ўсім свеце «маглі пазнаць благаслаўленне мірам і росквітам, чаго Бог жадае ўсім сваім дзецям». Пантыфік завяршыў свой зварот словамі: «Няхай Бог благаславіць Амерыку!»
Пасля прыватнай сустрэчы з Баракам Абамам Папа накіраваўся ў катэдральны касцёл Вашынгтона на сустрэчу з амерыканскім епіскапатам. Таксама запланавана, што Пантыфік узначаліць святую Імшу, падчас якой адбудзецца кананізацыя благаслаўлёнага Хуніпера Сьеры.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|