24 верасня адбыўся гістарычны візіт Папы Францішка ў Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі, падчас якога Пантыфік звярнуўся да амерыканскіх заканадаўцаў з прамовай.
Папа паставіў у прыклад кангрэсменам асобу біблійнага Майсея, які таксама быў прадстаўніком свайго народу і абвяшчаў яму законы. Позірк Майсея, па словах Святога Айца, быў звернуты на Бога і на клопат аб трасцэндэнтнай годнасці чалавека. Гэты прыклад добра выражае, у чым заключаецца праца Кангрэса — бараніць, праз інструменты закону, вобраз і падабенства Бога ў кожным чалавеку і фармуляваць законы, якія ахоўваюць Божы вобраз у кожнай чалавечай істоце, сказаў Пантыфік.
У кантэксце 150-й гадавіны забойства Абрагама Лінкальна, якая адзначаецца сёлета, Папа прысвяціў частку сваёй прамовы пытанню свабоды. Пантыфік нагадаў, што свету пагражаюць канфлікты і нянавісць, якія здзяйсняюцца нібыта ў імя Бога і рэлігіі, а на самой справе ў іх аснове ляжыць ідэалагічны экстрэмізм і асабістае расчараванне. Святы Айцец папярэдзіў амерыканскіх палітыкаў аб небяспецы барацьбы са злом метадамі таго ж зла і дадаў, што наследаванне нянавісці і насілля тыранаў і забойцаў — лепшы спосаб, каб заняць іх месцы.
Пантыфік нагадаў, што на працягу гісторыі ЗША прадстаўнікі розных веравызнанняў рабілі свой унёсак у будаванне і ўмацаванне грамадства. Важна, каб сёння, як і ў мінулым, голас веры быў пачуты, адзначыў Папа і дадаў, што такое супрацоўніцтва з’яўляецца моцным рэсурсам у барацьбе супраць новых глабальных форм рабства, якія ўзніклі ў выніку глыбокай несправядлівасці. Палітыка сёння павінна служыць чалавеку, а не садзейнічаць эканамічнаму і фінансаваму рабству, сказаў Святы Айцец.
Папа нагадаў аб барацьбе афраамерыканскага насельніцтва краіны, пад кіраўніцтвам Марціна Лютэра Кінга, за атрыманне поўных грамадзянскіх і палітычных правоў. ЗША – гэта краіна, якая складаецца з эмігрантаў, сказаў Пантыфік і заклікаў памятаць пра гэта ў кантэксце актуальных міграцыйных працэсаў – самых вялікіх з часоў Другой сусветнай вайны. Трэба вучыць новыя пакаленні чуласці і гасціннасці да іншых, адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на важнасць абароны чалавечага жыцця. Яго сакральнасць падштурхоўвае да забароны смяротнага пакарання, аб чым просяць біскупы ЗША, сказаў Папа, дадаўшы, што справядлівае і неабходнае пакаранне не можа выключаць вымярэння надзеі і мае на мэце рэабілітацыю чалавека.
Заснавальніца «Каталіцкага рабочага руху» (Catholic Worker Movement) Дораці Дэй была чарговай асобай, узгаданай Пантыфікам у сувязі з тэрміновай патрэбай у глабальнай салідарнасці з патрабуючымі і выкараненні прычын беднасці. Папа адзначыў важнасць абароны навакольнага асяроддзя і выказаў спадзяванне на даследванні амерыканскіх навуковых інстытутаў у гэтай сферы.
У якасці прыкладу чалавека малітвы, разважання, дыялогу і міру паміж людзьмі і рэлігіямі Святы Айцец назваў амерыканскага законніка Томаса Мэртана. Добры палітычны лідар – гэта той, які, улічваючы інтарэсы ўсіх, карыстаецца момантам у духу адкрытасці і практычным сэнсам, сказаў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў кангрэсменаў паспрыяць спыненню незаконнага гандлю зброяй, а таксама звяртаць больш увагі на патрэбы сем’яў і моладзі.
Зварот Папы Францішка да Кангрэса ЗША стаў гістарычнай падзеяй. Раней толькі св. Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI мелі магчымасць звярнуцца да парламентаў сваіх родных краін – Польшчы і Германіі, а таксама да парламенту Італіі. У лістападзе 2014 г. Папа Францішак выступіў таксама перад Еўрапарламентам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|