Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік сустрэўся з кансэкраванымі асобамі ЗША
Святы Айцец
25.09.2015 15:19

Папа Францішак падзякаваў за адданую працу амерыканскім кансэкраваным асобам. 24 верасня Пантыфік узначаліў Нешпары з іх удзелам у катэдры св. Патрыка ў Нью-Ёрку ў межах свайго візіту ў ЗША.

Да раней падрыхтаванага тэксту гаміліі Папа дадаў цёплыя словы ўдзячнасці ў адрас законных сясцёр і амерыканскіх жанчын, без якіх, па словах Святога Айца, не было б Касцёла ў гэтай краіне.

«Святары і законнікі запрошаны ў сваім пакліканні знайсці і выпраменьваць трывалае задавальненне, што зыходзіць ад удзячнага сэрца», — сказаў Папа. У якасці другога стаўпа духоўнага жыцця Святы Айцец назваў «дух цяжкай працы», але, у той жа час, перасцярог ад вымярэння душпастырскай працы такімі «бізнес-катэгорыямі», як прадуктыўнасць, добрае кіраванне і знешні поспех. Пантыфік падкрэсліў, што «сапраўднае значэнне нашага апостальства вымяраецца каштоўнасцю, якую яно мае ў вачах Бога».

Таксама Папа звярнуў увагу на пытанне вольнага часу ў жыцці духавенства і «пагрозы, што з’яўляюцца, калі мы рэўнасна ставімся да нашага вольнага часу і думаем, што акружэнне сябе мірскімі выгодамі дапаможа нам лепш служыць». Як сродак супраць гэтай спакусы Пантыфік прапанаваў «блізкасць да бедных, бежанцаў, мігрантаў, хворых, эксплуатаваных, самотных пажылых, зняволеных і ўсіх іншых бедных Бога». Менавіта блізкасць з імі можа навучыць іншаму спосабу адпачынку, больш хрысціянскаму і шчодраму, лічыць Святы Айцец.

Папа выказаў падзяку ўсім святарам і законнікам ЗША, якія з радасцю і адданасцю нястомна служаць Касцёлу, нягледзячы на тое, што пацярпелі ў нядаўнім мінулым, «зносячы сорам з-за некаторых братоў, якія пакрыўдзілі і прычынілі боль Касцёлу ў самых далікатных яго членах».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.