Нельга знайсці сацыяльнага ці маральнага апраўдання, ніякага апраўдання для адсутнасці даху над галавой, сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з бяздомнымі ў касцёле св. Патрыка ў Вашынгтоне 24 верасня.
Пантыфік адзначыў, што «ёсць шмат несправядлівых сітуацый, але мы ведаем, што Бог пакутуе разам з намі, перажывае, іх знаходзячыся побач». «Ён не пакідае нас, — дадаў Святы Айцец. — Сын Божы прыйшоў у гэты свет як бяздомны. Сын Божы выпрабаваў на сабе, што значыць пачаць жыць без даху над галавой».
Папа падкрэсліў, што «Езус хацеў паказаць салідарнасць з кожным чалавекам», «хацеў, каб усе адчулі Яго прысутнасць, Яго дапамогу і Яго любоў», «атаясаміўся з тымі, хто пакутуе, хто плача, хто зносіць усе віды несправядлівасці».
Пантыфік адзначыў, што адным з найбольш эфектыўных спосабаў дапамогі з’яўляецца малітва. «Малітва аб’ядноўвае нас, робіць нас братамі і сёстрамі. (…) У малітве мы ўсе навучыліся казаць Богу “Ойча”, “Тата”. (…) У малітве няма багатых і бедных, ёсць сыны і дочкі, сёстры і браты. У малітве няма першага або другога класа, ёсць братэрства», — сказаў Святы Айцец.
На заканчэнне сустрэчы Папа памаліўся з бяздомнымі «Ойча наш» і благаславіў іх.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|