25 верасня Папа Францішак наведаў каталіцкую школу Маці Божай Каралевы Анёлаў у Гарлеме – раёне ў паўночнай частцы Нью-Ёрка, дзе пражывае пераважна афраамерыканскае насельніцтва і захоўваецца высокі ўзровень злачыннасці. Святы Айцец сустрэўся з моладдзю і сем’ямі эмігрантаў, якіх заклікаў не баяцца прыгожых мараў.
На пачатку візіту Пантыфік затрымаўся на прыступках перад школай, доўга вітаючы моладзь і настаўнікаў, якія жадалі паразмаўляць з высокім госцем і зрабіць фота на памяць. Акрамя арцыбіскупа Нью-Ёрка кардынала Цімаці Долана, Святога Айца суправаджаў мэр амерыканскага мегаполіса Бэл дэ Блазіо. У школе Папа сустрэўся таксама з групай эмігрантаў з краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, якія падзяліліся з ім сваімі жыццёвымі гісторыямі.
Святы Айцец заўважыў, што цяжкасці, звязаныя з пераездам, пошукам новага дому, новых суседзяў і сяброў, вывучэннем новай мовы і інтэграцыяй у новую культуру маюць і іншы бок – яны знаёмяць з новымі людзьмі, «якія адкрываюць перад намі свае дзверы і дэманструюць сваю пяшчотнасць, сяброўства, разуменне і намагаюцца дапамагчы, каб мы не адчувалі сябе чужакамі, замежнікамі».
Пантыфік параўнаў школу з «вялікай сям’ёй, у якой разам з маці і бацькамі, дзядулямі, настаўнікамі і сябрамі» юнакі і дзяўчаты вучацца «дапамагаць адно аднаму, дзяліцца добрымі якасцямі, каб даць з сябе найлепшае, працаваць як каманда і рэалізоўваць свае мары».
«Пастар Марцін Лютэр Кінг аднойчы сказаў: “маю мару”, каб многія людзі мелі рoўныя магчымасці», — нагадаў Папа і заклікаў моладзь не губляць надзеі на лепшы свет. «Вы маеце права, каб марыць, і я вельмі радуюся, што тут, у гэтай школе, у вашых сябрах і настаўніках, можаце знайсці неабходную падтрымку, — сказаў Святы Айцец. — Там, дзе ёсць мары – ёсць радасць».
На заканчэнне сустрэчы Пантыфік даў школьнікам «хатняе заданне»: «Прашу не забываць маліцца за мяне, каб мог дзяліцца з мноствам людзей радасцю Езуса».
У школе Маці Божай Каралевы Анёлаў у Гарлеме вучацца 282 школьнікі ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў. Большасць з іх паходзіць з Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Блізкага Усходу.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|