26 верасня Папа Францішак выступіў перад сем’ямі — удзельнікамі Сусветнай сустрэчы сем’яў — у межах фестывалю сям’і на праспекце Бенджаміна Франкліна ў Філадэльфіі (ЗША).
Святы Айцец адклаў раней падрыхтаваны тэкст прамовы і замяніў яго на імправізаванае разважанне, падкрэсліваючы важнасць сям’і ў свеце. Папа назваў яе «фабрыкай надзеі».
Пантыфіка асаблівым чынам кранулі сведчанні некалькіх сужэнстваў. Яны казалі, між іншым, пра нявызначанасць будучыні, складананасці выхавання дзяцей-інвалідаў і жыцця ў сям’і, якая складаецца з некалькіх пакаленняў.
«Кожны з вас, — сказаў Папа, — з’яўляецца сапраўдным сведчаннем таго, што варта жыць у сям’і і што грамадства становіцца мацнейшым, лепшым, прыгажэйшым і больш сапраўдным, калі яно пабудавана на аснове сям’і». Пантыфік падкрэсліў, што гэта план Бога, які ўсю любоў, якая змяшчаецца ў стварэнні, даў сям’і. Сям’я, па словах Папы, з’яўляецца сапраўды сям’ёй, калі яна можа вітаць і прымаць гэтую любоў. Святы Айцец адзначыў, што таксама, калі сям’я робіць памылкі, Бог спяшаецца ёй на дапамогу, таму што Яго Сын вырас у сям’і Марыі і Юзафа, паслухмяны Божаму плану. Пантыфік дадаў, што сям’я мае пасведчанне Божага грамадзянства, каб у ёй узрасталі больш і больш праўда, любоў і прыгажосць.
Пантыфік не хаваў таго, што ў сучаснай сям’і няма недахопу ў цяжкасцях і крыжах, але ў ёй заўсёды ёсць і ўваскрасенне. «Вось чаму сям’я з’яўляецца фабрыкай надзеі, жыцця і ўваскрасення», — сказаў Папа, дадаўшы, што ўсе цяжкасці пераадольваюцца праз любоў; толькі нянавісць не можа знесці ніводнай цяжкасці.
У канцы Святы Айцец запрасіў усе сем’і да асаблівага клопату пра дзяцей і пажылых людзей. Народ, які не ведае, як клапаціцца аб дзецях і старых – гэта народ без будучыні, нагадаў Папа Францішак.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|