Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да біскупаў у Філадэльфіі: «Наша служэнне павінна паглыбляць саюз паміж Касцёлам і сям’ёй»
Святы Айцец
27.09.2015 19:05

27 верасня Папа Францішак звярнуўся да больш чым 300 біскупаў з розных краін, якія прыбылі на Сусветную сустрэчу сем’яў у Філадэльфіі (ЗША). Сустрэча Пантыфіка з біскупамі прайшла ў капліцы св. Марціна Турскага мясцовай духоўнай семінарыі.

Святы Айцец адзначыў, што нават ва ўмовах цяжкіх выпрабаванняў ёсць «шмат сем’яў, якія застаюцца вернымі сваім абяцанням і захоўваюць вернасць», і прызнанне гэтага дару застаецца для Касцёла нязменным «душпастырскім выклікам нашага зменнага часу». Замест страху і скаргаў мы павінны быць удзячнымі гэтым сем’ям, дадаў Пантыфік, звяртаючыся да іерархаў.

Характар бягучых змен у інстытуце сужэнства і сям’і Святы Айцец параўнаў з адносінамі паміж старымі невялікімі крамамі і сучаснымі супермаркетамі. У першых, магчыма, выбар тавару быў і невялікі, але іх уладальнікі і мясцовыя жыхары ведалі адзін аднаго і давяралі адзін аднаму; у буйных гандлёвых цэнтрах сёння ёсць вялікі выбар тавараў, але і адсутнасць узаемнага даверу. Папа заўважыў, што гэта адносіцца і да сучаснай культуры і нават рэлігіі, якія можна спажываць таксама, як тавары. Тое ж тычыцца і сяброўскіх і міжасабовых адносін. Гэтае спажыванне любой цаной не спрыяе ўсталяванню адносін; вынікам такога стаўлення з’яўляецца культура, якая адхіляе ўсё, што больш не «карыснае», не «задавальняючае» густаў спажыўца, сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, цяжка вінаваціць маладых людзей, якія вымушаны жыць у такім грамадстве і свеце. Святы Айцец падкрэсліў, што гэта біскупы і святары, якія ідуць па слядах Добрага Пастыра, павінны суправаджаць іх, шукаць і лячыць; Касцёл павінен ісці да людзей з пасланнем Евангелля неадкладна, без варожасці і страху. Папа перасцярог ад упадання ў песімізм з-за стаўлення сучаснай моладзі да закладання сям’і.

Пантыфік адзначыў, што хрысціянства, якое робіць няшмат на практыцы, пастаянна «тлумачачы» вучэнне, з’яўляецца небяспечна незбалансаваным і нават затрымліваецца ў заганным коле. Пастыр павінен паказаць, што «Евангелле сям’і» – гэта сапраўды Добрая Навіна ў свеце, дзе клопат адзін пра аднаго з’яўляецца вышэйшай уладай, сказаў Папа.

«Наша служэнне павінна паглыбляць саюз паміж Касцёлам і сям’ёй. У адваротным выпадку яно становіцца пустым, а чалавечая сям’я будзе па нашай віне больш адыходзіць ад радаснай Дабрай Навіны Бога», — звярнуў увагу Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.