Папа Францішак падверг крытыцы пэнітэнцыярную сістэму, якая не спрыяе вяртанню людзей у жыццё грамадства. У рамках свайго падарожжа ў ЗША 27 верасня Святы Айцец наведаў турму «Каран-Фромхолд» у Філадэльфіі, дзе сустрэўся з амаль сотняй асуджаных.
Падчас сустрэчы Пантыфік сядзеў на арэхавым крэсле, спецыяльна вырабленым для гэтай падзеі групай амерыканскіх зняволеных.
У сваёй прамове Святы Айцец казаў аб хібах грамадства, якое не мае спачування. «Грамадства, сям’я, што не ўмее спачуваць пакутам сваіх дзяцей, не ўспрымае іх сур’ёзна, адносіцца да іх, як да рэчаў “натуральных”, і лічыць іх нармальнымі і чаканымі – такое грамадства “асуджана” заставацца нявольнікам самога сябе, нявольнікам усяго таго, што прымушае яго пакутаваць», — адзначыў Папа.
Святы Айцец распавёў вязням, што абрад абмывання ног, які штогадова здзяйсняецца падчас літургіі Апошняй вячэры, нарадзіўся ад традыцыі абмывання ног людзям, якія ўваходзілі ў дом з вуліцы. «Мы ўсе ведаем, што жыць – значыць крочыць, жыць – значыць праходзіць рознымі дарогамі, рознымі сцежкамі, якія пакідаюць сляды на нашым жыцці», — падкрэсліў Пантыфік.
Па словах Папы, Езус жадае залячыць раны ўсіх, ачысціць ногі людзей ад пылу, сабранага на працягу жыцця, выходзіць насустрач, каб вярнуць ім годнасць сыноў Божых і надзею, аднавіць веру і давер. Ён, як дадаў Пантыфік, жадае таксама, каб чалавек вярнуўся на дарогу – у жыццё, бо кожны мае у ім сваю місію. Немагчыма, адзначыў Святы Айцец, не запэцкаць ног на пыльных дарогах жыцця і гісторыі, і кожны чалавек мае патрэбу ў тым, каб быць ачышчаным, абмытым. «Я – першы», — сказаў Папа.
Святы Айцец назваў балючым той факт, што многія пэнітэнцыярныя сістэмы «не лечаць ранаў, не ствараюць новых магчымасцяў». Стомленасць, боль і раны вязняў – гэта стомленасць, боль і раны ўсяго грамадства, звярнуў увагу Папа. Па словах Пантыфіка, утрыманне ў турме павінна дапамагаць асуджаным вярнуцца ў жыццё грамадства. Гэтаму Папа заклікаў спрыяць усіх: саміх зняволеных, сем’і, супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, сацыяльныя і адукацыйныя структуры. Вяртанне зняволеных у жыццё супольнасці ўздымае маральны ўзровень усяго грамадства, падкрэсліў Папа Францішак.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|