27 верасня Папа Францішак узначаліў кульмінацыйную Эўхарыстыю ў рамках VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі (ЗША). Разам з Пантыфікам маліліся каля 100 тыс. вернікаў з розных кантынентаў.
У гаміліі Папа заўважыў, што шчасце і святасць звязаны з малымі жэстамі. Пантыфік нагадаў выраз з Евангелля паводле Мацвея: «Хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады... не страціць узнагароды сваёй».
Гэтыя словы, як дадаў Святы Айцец, кажуць аб важнасці «невялікіх жэстаў» у штодзённым жыцці: «жэстаў пяшчотнасці, любові, спагады». Да іх , па словах Папы, можа адносіцца пададзеная гарачая страва, благаслаўленне перад сном, абдымкі. Такі «клопат у штодзённых дробязях», адзначыў Папа, надае смак сямейнаму жыццю. «Вера расце, калі яна перажываецца і фарміруецца любоўю», — сказаў Пантыфік і дадаў, што сапраўдны хатні Касцёл — гэта «месца, дзе вера становіцца жыццём, а жыццё – верай».
Святы Айцец заклікаў вернікаў спрыяць устойліваму і інтэгральнаму развіццю. «Няхай нашы дзеці бачаць у нас апору еднасці, а не падзелаў», — сказаў Папа. Пантыфік заўважыў, што свет стаміўся ад раздораў і разбурэнняў, і на іх фоне Сусветная сустрэча сем’яў выглядае «прароцкай падзеяй». Папа заклікаў сем’і быць адкрытымі і абнаўляць сваю веру Словам Пана, прымаючы ўдзел у прароцкай задуме саюзу мужчыны і жанчыны, які нараджае жыццё і адкрывае людзям Бога.
Напрыканцы сустрэчы да сабраных звярнуўся старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья, які абвясціў, што наступная Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе ў 2018 годзе ў Дубліне (Ірландыя).
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|