Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец завяршыў візіт на Кубу і ў ЗША
Святы Айцец
28.09.2015 15:36

28 верасня Папа Францішак вярнуўся ў Рым пасля Апостальскага падарожжа на Кубу і ў ЗША. На развітанне Святы Айцец падзякаваў арганізатарам візіту і заклікаў амерыканцаў быць шчодрымі і ўважлівымі распарадчыкамі велізарных дароў і магчымасцяў, якімі Пан адарыў іх краіну.

У аэрапорце Філадэльфіі Пантыфіка праводзіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн, мясцовыя каталіцкія іерархі і шматлікія вернікі.

У сваёй прамове Папа коратка ўзгадаў пра асноўныя моманты падарожжа ў Злучаныя Штаты. Пантыфік паабяцаў маліцца, каб Сусветная сустрэча сем’яў, якая праходзіла ў Філадэльфіі і ў якой Папа прыняў удзел, умацавала шматлікія сем’і на шляху да святасці і дапамагла ім бачыць у Касцёле вернага спадарожніка ў любых выправабаннях.

Гаворачы аб сваім візіце ў Нацыянальны мемарыял і музеі 11 верасня, Святы Айцец падкрэсліў, што зло ніколі не мае апошняга слова, а згодна з міласэрнай задумай Бога любоў і мір затрыумфуюць над усім.

Арганізатарам і спонсарам свайго падарожжа Пантыфік пажадаў, каб іх энтузіязм для Езуса, Касцёла, сем’яў і грамадства быў невычарпальным і каб яны заўсёды бескарысліва дзяліліся з іншымі атрыманымі ад Бога дарамі.

Па прылёце ў Рым Папа наведаў базыліку Санта Марыя Маджорэ, дзе ў малітве даверыў Маці Божай плёны свайго падарожжа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.