Вялікую цікавасць СМІ выклікала незапланаваная папярэдне сустрэча Святога Айца з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў, якая адбылася 27 верасня ў Філадэльфіі падчас візіту Папы ў ЗША. Аб важнасці гэтай падзеі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё выказаўся кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.
«Адметнасцю сустрэчы Папы з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў стала тое, што гэта не былі выключна ахвяры злоўжыванняў, здзейсненых духавенствам або ў каталіцкіх установах. Яно мела больш шырокі характар. Мы ведаем, што большасць сексуальных злоўжыванняў або выпадкаў выкарыстання непаўналетніх не з’яўляецца справай святароў і адбываецца не ў касцёльных установах, але ў цалкам іншых месцах», — сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.
Такім чынам, адзначыў а. Ламбардзі, Папа пашырыў перспектыву. Людзі, з якімі Пантыфік сустрэўся, прадстаўлялі таксама і іншыя сітуацыі, і Касцёл таксама хоча дапамагчы ім, бо Касцёл не толькі вельмі засмучаны цяжкімі злачынствамі некаторых сваіх членаў, але і адчувае сябе адказным за ўсіх дзяцей у свеце і, такім чынам, спрабуе зрабіць свой уклад у гэтую справу, падкрэсліў кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду.
Па словах а. Ламбардзі, вопыт Касцёла ў сферы паглыблення прафілактыкі і абароны непаўналетніх павінен быць даступны для ўсяго грамадства, розных устаноў, у тым ліку іншых рэлігійных супольнасцяў. Святар заклікаў не забывацца аб мільёнах дзяцей, гвалтаваных у Індыі. Яны не католікі, і яны не з’яўляюцца ніякім чынам ахвярамі злоўжыванняў з боку католікаў, але мы павінны клапаціцца і пра іх; такім чынам, Касцёл прапануе своеасаблівую культуру абароны і павагі да непаўналетніх, сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. 27 верасня ў Філадэльфіі на тэрыторыі мясцовай духоўнай семінарыі Папа Францішак сустрэўся з пяццю ахвярамі сексуальных злоўжыванняў — трыма жанчынамі і двума мужчынамі.
Папа выслухаў іх сведчанні, а затым звярнуўся з кароткім словам і паразмаўляў з кожным асобна, выказваючы сваё разуменне іх пакутам, свой боль і пачуццё сораму, асабліва калі гаворка ідзе пра траўмы, нанесеныя з боку духавенства і супрацоўнікаў касцёльных устаноў. Пантыфік пацвердзіў сваю асабістую прыхільнасць і прыхільнасць Касцёла, каб усе пацярпелыя былі пачуты і каб несправядлівасць была выпраўлена, а вінаватыя былі пакараны. Святы Айцец падкрэсліў, што такога роду злачынствы павінны перамагацца эфектыўнай прафілактыкай у Касцёле і ў грамадстве.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|