Даверыць жыццё Божай Міласэрнасці і прасіць аб ёй усім сэрцам заклікаў Папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ў 2016 годзе ў Кракаве (Польшча). У дакуменце Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат несці полымя міласэрнай любові Хрыста ў штодзённае жыццё, здзяйсняючы фізічныя і духоўныя акты міласэрнасці.
Святы Айцец заўважыў, што сусветны моладзевы форум у Кракаве будзе першым пасля кананізацыі яго заснавальніка — Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, ён пройдзе ў рамках Юбілею Міласэрнасці.
Папа нагадаў, што міласэрнасць не з’яўляецца абстрактнай ідэяй, але канкрэтнай рэальнасцю, у якую ўключана прабачэнне. У Езусе ўсё кажа аб міласэрнасці, Ён сам з’яўляецца міласэрнасцю, а кароткі змест усяго Евангелля можна выразіць словамі: «радасць Бога — у прабачэнні», перакананы Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў моладзь часцей прыступаць да сакрамэнту пакаяння і ўзгадаў, што менавіта сустрэча са святаром у канфесіянале назаўсёды змяніла яго жыццё і паспрыяла навяртанню. Канфесіянал — гэта месца міласэрнасці, у якім можна патрапіць у абдымкі Бога, напісаў Папа.
Міласэрнасць — гэта не сентыментальнасць, падкрэсліў Святы Айцец і заклікаў юнакоў і дзяўчат практыкаваць яе ў штодзённым жыцці. Божая Міласэрнасць, па словах Пантыфіка, — гэта «вельмі канкрэтная і патрабавальная жыццёвая праграма», якая прадугледжвае справы, сярод якіх самая складаная — прабачэнне тых, хто нас абразіў, хто прычыніў нам боль, хто з’яўляецца нашым ворагам.
Папа адзначыў, што міласэрнасць — адзіны спосаб, каб перамагчы зло ў свеце. Справядлівасць неабходная, але яе не дастаткова, таму яны павінны ісці разам, дадаў Пантыфік.
Сусветны дзень моладзі 2016 г. у трэці раз супадзе з Юбілейным годам у Каталіцкім Касцёле. У 1984 г. форум праходзіў у рамках Юбілею Адкуплення, а ў 2000 г. — у рамках Вялікага Юбілею Хрысціянства.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|